Зацверджаны склад рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу і рэгламент яе дзейнасці


Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшло 28 траўня ў Менску. Яго ўдзельнікі зацвердзілі склад рады і рэгламент яе дзейнасці.

Рада кангрэсу фармуецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцыяў дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Менску).

На дадзены момант у раду ўваходзяць 15 чалавек: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада») Мікалай Статкевіч, незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, зарэгістраванага ў Чэхіі абʼяднання «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка, руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, а таксама сем прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцыяў.

Мікалай Статкевіч паведаміў, што склад рады будзе пашырацца. «Будуць працягвацца перамовы з рознымі апазіцыйнымі структурамі. Але тут паўстае пытанне, каго мы можам запрашаць да працы ў радзе, бо ёсць арганізацыі, якія выступаюць за еўразійскі вектар развіцця, што супярэчыць платформе кангрэсу», – сказаў былы палітвязень.

У выніку прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пастанавілі, што ў склад рады кангрэсу могуць увайсці арганізацыі, якія падпісалі мемарандум «Аб захадах дзеля забеспячэння незалежнасці Беларусі» (прыняты падчас нарады беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацыяў са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай 3 лістапада 2012 года ў Вільні) або Дэкларацыю ў падтрыманне незалежнасці Рэспублікі Беларусь (падпісаная напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які адбыўся ў Менску 15 траўня).

Рэгламент дзейнасці рады прадугледжвае роўнасць усіх яго субʼектаў. Рашэнні рады кангрэсу будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз у месяц.

Правядзенне кангрэсу дэмакратычных сіл з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэту па падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэту таксама ўвайшлі Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшоў у скверы імя Янкі Купалы ў Менску 15 траўня. Пастанова правесці кангрэс на адкрытым паветры была прынятая пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Паводле слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання.

Удзельнікі кангрэсу прынялі некалькі рэзалюцыяў – «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа перамен», «Аб пазіцыі кангрэсу адносна выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў