Затрымліваюць заробкі, спыняюць вытворчасць і адпраўляюць у неаплочвальныя «адпачынкі». Цяжкі крызіс у прамысловасці


На флагманах айчыннай прамысловасці, МАЗе, МТЗ ды Маторным заводзе, поствыбарчы крызіс праходзіць плаўна, а меншыя заводы, нават у сталіцы, спыняюцца ды скарачаюць працоўную сілу ў разы. Здымкавая група «Белсату» высветліла, што завод «Гарызонт» стаў цалкам – да канца года. Ужо ў кастрычніку, паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне не вырабілі аніводнага новага тэлевізара. Асабліва цяжка на прадпрыемствах, што абслугоўваюць будоўлю.

Попыт падае, але МТЗ працягвае нарошчваць вытворчасць. З пачатку восені Беларусь штомесяц павялічвае выраб трактароў.

У лістападзе трактароў зрабілі 3 000 штук – найвялікшую колькасць за апошнія паўгода. Між тым, экспарт трактароў упаў сёлета на 30 %. Значная частка прадукцыі не ўлазіць на склады і стаіць на дварэ. Іх спрабуюць прыладзіць, у тым ліку, для патрэбаў будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Трактарны завод – адзін з нешматлікіх, што працягвае ўтрымліваць восеньскія тэмпы вытворчасці. А вось выраб грузавікоў у лістападзе скараціўся, у параўнанні з кастрычнікам, на траціну.

Паводле крыніцаў «Белсату» на МАЗе, апошні месяц прадпрыемства фактычна працуе чатыры дні на тыдзень, толькі ў змушаныя адпачынкі адпраўляюць не ўсіх адразу, а кожнага работніка па чарзе.

На Менскім заводзе металаканструкцыяў у снежні выплацілі заробак толькі за кастрычнік. Лістападаўскі абяцаюць выдаць па частках, як рабілі і дагэтуль, прычым асноўную долю – ажно ў наступным годзе. За лета прадпрыемства страціла палову сваіх работнікаў.

«За апошнія паўгода засталася толькі траціна калектыву нашага. То-бок, практычна, ніхто не працуе, і той маленькі абʼём, які паступае цяпер, людзі загружаныя гэтым абʼёмам, вось і ўсё», – гаворыць Аляксандр, працаўнік заводу металаканструкцыяў.

На 10 % скарацілася ў лістападзе тэкстыльная вытворчасць. Камвольны камбінат, які акурат закончыў васьмігадовую мадэрнізацыю коштам 100 мільёнаў еўраў, павялічыў сёлета ўдвая свае безгаспадарчыя выдаткі ды выйшаў у топ 10 найбольш стратных беларускіх прадпрыемстваў. На фоне скарачэнняў на заводзе Лукашэнка адмяніў свой туды візіт, паслаўшы ім адно 5 мільёнаў еўраў дзяржаўнай дапамогі – на аператыўныя выдаткі.

Адмыслоўцы адзначаюць, што хоць расейскі крызіс і грае ролю ў беларускім, але падзенне айчыннага экспарту на ўсход збольшага хутчэйшае, чым скарачэнне тамтэйшага рынку, у прыватнасці, што датычыць грузавікоў. Найвялікшыя ж страты, паводле справаздачы Міністэрства фінансаў, нясуць айчынныя цэментавыя заводы, у якія дзяржава за апошнія гады ўклала паўмільярда долараў у спробах правесці кіраваную зверху бюракратычную мадэрнізацыю.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў