Затрыманых актывістаў вызвалілі


«У бусіку патаўклі, па рэбрах, пад дых, але ў твар не білі», – кажа адзін з затрыманых.

Прыкладна а 23.30 актывістаў, затрыманых пасля акцыі памяці рэпрэсаваных, выпусцілі з Цэнтральнага РАУСу. Зміцер Дашкевіч распавёў, што пасля спрэчкі з камунальнікамі, якія хацелі прыбраць партрэты, пяцёх актывістаў – Сяргея Пальчэўскага, Уладзя Яроменка, Паўла Пракаповіча, Наталлю Басалыга-Гарачку і самога Дашкевіча – сілавікі завалаклі ў мікрааўтобус, які чакаў побач з будынкам КДБ:

«У бусіку, канешне, адыграліся на нас. Патаўклі: па рэбрах, пад дых… але ў твар не білі. У Цэнтральным РАУСе спрабавалі ўзяць тлумачэнні, але ўсе даваць адмовіліся. Тады міліцыянты склалі вопіс рэчаў, павымалі матузкі з абутку – нібы збіраюцца афармляць на «содні».

Дашкевіч таксама зазначыў, што начальнік менскай міліцыі Барсукоў, з якім яшчэ перад будынкам КДБ узнікла славесная перапалка, у РАУСе быў надзвычай лагодны, нават гарбату з кавай прапаноўваў.

«Гэта ўсё сведчыць аб страху тых, хто лічыць сябе нашчадкамі НКУС, перад памяццю пра рэпрэсаваных, – лічыць Дашкевіч, – пакуль гэтыя людзі не пакаяцца, пакуль будуць шанаваць Дзяржынскага і іншых катаў – такія інцыдэнты будуць працягвацца, а ў грамадстве будзе трываць канфлікт».

У рэшце рэшт актывістам аддалі невядома навошта забраныя асабістыя рэчы ды выпусцілі на свабоду.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў