КДБ зацікавіўся віцэ-прэм'ерам Васілём Жарко, - СМІ


У сераду, 11 ліпеня віцэ-прэм’ер, экс-міністр аховы здароўя Васіль Жарко быў выкліканы на допыт у межах «справы медычных функцыянераў». Пра гэта паведамляе TUT.by са спасылкай на тры ананімных крыніцы.

Жарко ўжо мінімум двойчы выклікалі на допыты – 6 і 11 ліпеня. Раней крыніцы TUT.BY паведамілі пра затрыманне віцэ-прэм’ера, але гэтая інфармацыя афіцыйна не пацвярджаецца.

9 ліпеня стала вядома, што КДБ затрымаў намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, які лічыўся пратэжэ Васіля Жарко.

Васіль Жарко нарадзіўся ў 1956 годзе ў Берасцейскай вобласці. Прайшоў шлях ад ўрача-інтэрна Берасцейскай абласной дзіцячай бальніцы да міністра аховы здароўя. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў з траўня 2006 года па снежань 2016-га. У снежні 2016 года пайшоў на павышэнне, атрымаўшы пасаду віцэ-прэмʼера Беларусі.

У канцы чэрвеня Жарко заяўляў журналістам, што не ведаў пра існаванне маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя, якую выявіў КДБ.

Нагадаем, 25 чэрвеня Валерый Вакульчык раскрыў некаторыя дэталі маштабнай спецаперацыі для выкрыцця карупцыйнай схемы, звязанай з купляю медычнага абсталявання. У справе фігуруе больш за 50 чалавек, у тым ліку 33 чыноўніка. Сярод арыштаваных – дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце

Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. «Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

На гэтым тыдні СМІ сталі вядомыя новыя імёны арыштаваных па скандальнай «справе медычных функцыянераў». Сярод іх – бізнесовец Сяргей Шакуцін, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі. Іх арышты праваахоўныя органы афіцыйна пакуль не пацвердзілі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў