Затрыманы праваабаронца Павел Левінаў – яго чакаюць 15 содняў арышту


Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў быў затрыманы міліцыянтамі ў вёсцы Нярэйша Сенненскага раёну ў доме брата Андрэя. Здарэнне адбылося ўвечары ў пятніцу, 5 траўня.

Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт “Віцебская вясна”.

Як патлумачылі прадстаўнікі праваахоўных органаў, затрыманне ўчыненае на загад вышэйшага начальства з мэтай змяшчэння праваабаронцы ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласці для адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Левінаў патэлефанаваў калегам і паведаміў, што пры арышце стан у яго пагоршыўся, па ўсіх прыкметах павысіўся ціск. Апроч таго, на 10 траўня лекары прызначылі Левінаву шпіталізацыю, а на наступны дзень павінна быць праведзеная тэрміновая хірургічная аперацыя.

Раней, 17 красавіка, суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызначыў Паўлу Левінаву пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 15 содняў нібыта за ўдзел у не дазволеных уладамі акцыях 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна, бо Левінаў у той час знаходзіўся ў шпіталі за межамі Беларусі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў