Затрыманы бізнэсмэн і блогер Аляксандр Кныровіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ (абноўлена)


Затрыманы бізнесовец Аляксандр Кныровіч

(абноўлена)

Вядомы бізнесовец і блогер, заснавальнік групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандр Кныровіч затрыманы ў сераду ў Менску, паведамляе TUT.BY. Інфармацыю пацвердзілі некалькі крыніцаў у бізнес-колах і сваякі затрыманага.

З раніцы 26 студзеня мабільны тэлефон прадпрымальніка не адказвае. Яшчэ ў ауторак спадар Кныровіч быў па справах у Швейцарыі,  а ужо ў сераду пайшоў на допыт у Камітэт дзяржбяспекі Беларусі ў якасці сведкі і не вярнуўся. Як стала вядома nn.by, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, разам з ім затрымалі некалькіх ягоных калег.

Паводле Onliner.by, Кныровіч затрыманы па падазрэнні ў дачы хабару чыноўніку. Таксама ў КДБ узніклі пытанні па кантрактах з расейскімі пастаўшчыкамі.

Следчы камітэт інфармацыю аб затрыманні Кныровіча не пацвердзіў.

Аляксандр Кныровіч на мінулым тыдні ацаніў кошт рэзідэнцыі ў Шаршунах, у якой, паводле мясцовых жыхароў, адпачывае кіраўнік дзяржавы.

Яго рэзкія цытаты наўрад ці падабаліся спецслужбам.

«Сёння мы выглядаем недаразвітай, але выспачкай стабільнасці, прадказальнасці. Гэта не таму, што мы такія добрыя, а таму што вакол усё пачало падаць, выбухаць і пераходзіць у стан вайны», – казаў ён у «Размове» Святлане Калінкінай.

У сваёй праграме «Вывады Кныровіча» на канале «БелБізнесЧэнэл» спадар Аляксандр таксама рэзка распавядаў пра эканомічны стан Беларусі.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч вядомы як бізнес-ментар і бізнес-анёл для стартапераў, які валодае поўнай інфармацыяй пра інавацыйныя тэхналогіі і інвеставанне ў бізнес Беларусі. 

Сітуацыю затрымання спадара Кныровіча пракаментаваў бізнесовец Канстанцін Уладзіміраў-Жураўскі.

Спадар Жураўскі ў размове з belsat.eu адзначыў, што ўтрыманне Кныровіча – «гэта дыверсія супраць нашага прэзідэнта».

«Прэзідэнт сказаў развіваць інвестыцыі – а мы бярэм самага буйнога венчурнага інвестара! Калі мы яго садзім, як мы будзем прасоўвацца?», – пытаецца спадар Канстанцін.

«Урад сячэ сук на якім сядзіць» , – абагульніў бізнесовец.

Глядзі таксама
Каментары