Затрыманні заробкаў і спыненыя заводы: усё толькі пачынаецца

video

Спачатку недаплачвалі банкам, потым – энергетыкам, дастаўцам, затым – бюджэту. Урэшце чарга дайшла да заробкаў. Як паведамляюць нашыя крыніцы на Барысаўскім заводзе агрэгатаў, заробкі і дэкрэтныя плацяжы працаўнікам гэтага прадпрыемства ўжо некалькі месяцаў прыходзяць са спазненнем.

Як паведамляюць незалежныя прафсаюзы, з аналагічнымі скаргамі ў ліпені да іх звяртаўся працаўнік Менскага заводу аўтаматычных лініяў. І хоць такія выпадкі пакуль пунктавыя, ёсць тэндэнцыя – іх пашырэння.

«Зараз сітуацыя цяжкая. Гэта звязана з тым, што ўрад праводзіць жорсткую палітыку манетарную. Яны сціснулі грашовую масу. Крэдытаў няма, абаротныя сродкі размарноўваюцца», – патлумачыў Аляксандр Бухвостаў, Свабодны прафсаюз металістаў.

Дэфолты, пазыкі ды скарачэнні

Паводле справаздачы Міжнароднага валютнага фонду, за апошнія чатыры гады колькасць стратных арганізацыяў павялічылася больш як утрая і складае цяпер больш за траціну ад усіх кампаніяў. Рэнтабельнасць усяго дзелавога сектару за гэты час абрынулася больш, чымся ў 10 разоў і наблізілася да нуля яшчэ летась.

«Нядаўна Мінфін паведаміў, што сем прадпрыемстваў абвясцілі дэфолты па сваіх аблігацыях. І ніхто дакладна ня ведае колькі прадпрыемстваў зʼяўляюцца патэнцыйнымі кандыдатамі на дэфолт па сваіх крэдытах і аблігацыях», – распавёў Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газеты».

Каб стабілізаваць валютны рынак, летась улады пачалі скарачаць грашовую масу. Іншымі словамі, пачалі абмяжоўваць выдаванне заводам новых крэдытаў на пакрыццё старых. У выніку сёлета пратэрмінаваная пазычанасць заводаў банкам павялічылася ў паўтара разу і сягае $ 600 млн. Пазыка перад энергетыкамі – прыблізна гэткай жа сумы. Пратэрмінаваная запазычанасць за камплектавальныя, інакш называная крэдыторскаю запазычанасцю, сягае $ 1.5 млрд. Прычым адмыслоўцы МВФ мяркуюць, што нацыянальная бухгалтарская сістэма заніжае гэтыя паказнікі.

«У любы момант, калі здарацца вельмі сурʼёзныя праблемы ў некага з буйных пазычальнікаў, ці дастаткова буйных банкаў, гэта пагражае ланцужком дэфолтаў», – патлумачыў Леанід Фрыкін.

Будуць затрымліваць заробкі

Незалежныя прафсаюзы тлумачаць: калі завод пачынае затрымліваць заробкі, гэта азначае, што ён – на апошнім рубяжы нястачы абаротных сродкаў, і ўсе астатнія спробы рэструктурызаваць плацяжы – вычарпаныя. Паводле прагнозу старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў, масава да гэтай мяжы дзяржаўныя заводы могуць пачаць набліжацца бліжэй лістапада.

«Тая схема, якая раней працавала – крэдыт на крэдыт – больш не працуе, таму чакаецца, я думаю, і затрымка заробкаў з-за гэтага, і, напэўна нават некаторыя прадпрыемствы будуць супыняцца», – мяркуе Леанід Бухвостаў.

Міжнародны валютны фонд выступае да ўладаў Беларусі з наступнаю рэкамендацыяй: калі сродкаў на ўтрыманне дзяржаўных заводаў больш няма, іх трэба прыватызаваць ці банкруціць. Але працэсу прыватызацыі ў нашай краіне, сярод іншага, перашкаджае адсутнасць незалежных парламенту і судоў. Для інвестараў гэта азначае, адпаведна, непрадказальныя правілы гульні ды ненадзейную абарону іх інвестыцыяў.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары