Затрыманага ўчора ў Кіеве Васіля Парфянкова будуць судзіць за хуліганства


Падчас святкавання Дня Перамогі 9 траўня ў Кіеве, сярод іншых, быў затрыманы беларус Васіль Парфянкоў. Украінскія нацыяналісты з вакна офісу ОУН кідалі розныя прадметы ў шэсце, у адказ паліцыя заблакавала будынак. Большасць затрыманых неўзабаве адпусцілі з пастарункаў, аднак Парфянкова пакінулі.

Ягоны паплечнік Станіслаў Красноў паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што ОУН рыхтуецца да таго, што Парфянкова змесцяць у СІЗА, бо ён праходзіць па справе аб блакаванні расейскіх банкаў. Сёння стала вядома, што яго будуць судзіць сёння а 18-й гадзіне па мясцовым часе ў судзе Пячорскага раёну Кіева. Парфянкову інкрымінуюць ч.2 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Украіны – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў». Пакаранне прадугледжвае да пяці гадоў абмежавання альбо да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

У лютым 2016 году байцы ОУН разграмілі офіс «Альфа-банку» у Кіеве і пабілі вітрыны ў «Сбербанку». Парфянкоў прымаў у гэтым удзел, у дачыненні да яго была распачатая адпаведная крымінальная справа, з таго часу ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, за яго паручыліся чатыры народныя дэпутаты.

Васіль Парфянкоў, былы палітвязень за Плошчу-2010, паехаў ваяваць на Данбас у складзе добраахвотніцкага батальёну ОУН, у верасні 2015 году атрымаў раненне падчас баёў за населены пункт Пескі.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў