Затрымалі актывістку з пасведчаннямі ініцыятыўнай групы Лябедзькі. Міліцыя чакала яе ля выхаду з вагона


У Берасці затрымалі дзяячку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аліну Літвінчук, якая везла з Менску пасведчанні чальцоў ініцыятыўнай групы лідара АГП Анатоля Лябедзькі.

Па прыбыцці цягніка ў Берасце а 7:45 ля выхаду з вагона Аліну Літвінчук сустрэлі два міліцыянты і чалавек у цывільным. Яны не прадставіліся, але сказалі, што яна затрыманая, не паведаміўшы прычыну затрымання, а пазней даставілі дзяячку ў транспартны аддзел міліцыі, паведамляе сайт АГП.

Ужо ў міліцыі Аліне сказалі, што будзе складзены пратакол аб адміністратыўным парушэнні. Літвінчук запатрабавала, каб падчас складання пратаколу прысутнічаў яе прадстаўнік Уладзімір Вуек. Міліцыянты адказалі, што ў такім выпадку, яе даставяць у Ленінскі РУУС Берасця.

У раённым аддзеле міліцыі склалі пратакол аб адміністратыўным парушэнні паводле арт. 22.9 – супраца з незарэгістраваным сродкам масавай інфармацыі, а менавіта з радыё «Рацыя», якое працуе ў Польшчы. Падчас складання пратаколу Уладзімір Вуек быў выправаджаны з кабінета.

Пасля складання пратаколу Аліну Літвінчук вызвалілі. 24 ліпеня а 15:00 гадзіне адбудзецца суд у Ленінскім раённым судзе Берасця.

Уладзімір Вуек адзначыў, што міліцыя ведала загадзя ў якім цягніку і вагоне едзе Літвінчук. Магчыма, ім было вядома і тое, што яна вязе пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы.

У аддзяленні міліцыі спадарыня Літвінчук правяла роўна тры гадзіны. Сябры ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі не змаглі атрымаць пасведчанні, без якіх нельга было правесці запланаваныя на сёння пікеты каля кінатэатру «Беларусь» і Цэнтральнага ўнівермагу.

Старт кампаніі перанесены на 24 ліпеня. «Мы лічым, што сёння адбыўся мэтанакіраваны зрыў кампаніі ў выніку наўмысных дзеянняў уладаў», – заяўляюць прадстаўнікі АГП.

МЯ, паводле ucpb.org

Стужка навінаў