Затрымалі актывістаў за плакаты: «Беларус! На якой мове ты размаўляеш?»


Апоўдні ў цэнтры Менску міліцыянты затрымалі 5 сябраў моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва» і журналіста.

Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт «Вясна» са спасылкай на лідара «Альтэрнатывы» Алега Корбана.

Інцыдэнт здарыўся каля 12 гадзіны ля плошчы Якуба Коласа, калі актывісткі расклейвалі плакаты да Дня роднай мовы. На плакатах быў надпіс: «Беларус! На якой мове ты размаўляеш?»

Сярод затрыманых прэс-сакратар арганізацыі Вольга Бурневіч, а таксама Сяргей Качур, Вольга Жураўлёва, Уладзіслаў Запасаў, непаўнагадовы Дзяніс Самсончык, а таксама фотакарэспандэнт Сяргей Гудзілін. Затрыманых завезлі ў РУУС Савецкага раёну Менску.

«Верагодна, міліцыянтам не спадабаліся плакаты, яны ўбачылі ў гэтым палітыку, што будзе далей, невядома», – скаментаваў падзею лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан.

Пасля 15:00 Вольгу Бурневіч і Вольгу Жураўлёву выпусцілі з пастарунку. Крыху пазней быў адпушчаны і Дзяніс Самсончык, а таксама фотакарэспандэнт Сяргей Гудзілін, падае сайт «Альтэрнатывы».

Каля 16:00 стала вядома аб лёсе астатніх 2 затрыманых – Сяргей Качур і Уладзіслаў Запасаў былі дастаўленыя ў суд Савецкага раёну, дзе над імі адбыўся адміністрацыйны працэс. У выніку абодва актывісты былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні парадку або арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 Кодэксу адміністрацыяных парушэнняў).

У якасці пакарання суд даў штрафное спагнанне – Br 9 млн (50 базавых велічыняў).

У цяперашні час усё 6 затрыманых грамадзянаў знаходзяцца на волі.

МЯ, паводле spring96.org, alternativaby.com

Стужка навінаў