«Заробкі не растуць, а кошты растуць – не зусім зразумела»


Першы дзень каляндарнае зімы стаў для беларусаў яшчэ і днём павышэння коштаў, у тым ліку і на камунальныя паслугі. Пакуль мы плацім за камуналку таней, чымся нашыя суседзі ў краінах-сябрах Еўразвязу. Але неэфектыўнасць нашай сістэмы ЖКГ спрыяе таму, што плацім мы ўсё больш і больш, пры гэтым нават не ведаючы рэальнага сабекошту на паслугі.Беларускі лідар у росце коштаў – жыллёва-камунальныя паслугі. За першыя 10 месяцаў года яны здаражэлі больш, чымся на 20 адсоткаў.

З сённяшняга дня, паводле ўказу Савету Міністраў, агучанага напярэдадні, кошт цяпла, газу ды электраэнергіі павялічыўся амаль на 4 %.

«Заробкі не растуць, а кошты растуць – не зусім зразумела» – зазначае мінак.

«Павышаецца ня толькі газ і электраэнергія, павышаюцца і кошты ў крамах, таму я лічу, што гэта – несправядліва» – абураецца мужчына.

Знаходзяцца і тыя, хто з разуменнем ставіцца да новага падвышэння коштаў.«Я лічу, што гэта – апраўдана. Бо мы ж не аплочваем поўны кошт паслугаў ЖКГ» – мяркуе маладая дзяўчына.

Што праўда, паводле лічбаў, указаных у жыроўках, на нашыя гаманцы кладзецца менш за траціну сабекошту за жыллёва-камунальныя паслугі. Астатняе нібыта даплочвае дзяржава. Але ў тым, што гэтыя лічбы адпавядаюць рэчаіснасці, у адмыслоўцаў няма ўпэўненасці.

«Працэс коштаўтварэння на паслугі ЖКГ абсалютна непразрысты. Таму ніхто ня можа быць упэўнены, што ён ня плаціць, скажам, за ўтрыманне нейкай хакейнай ці футбольнай каманды, ці набыццё легкавікоў кіраўнікамі жытлова-камунальнай гаспадаркі» – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Між тым, у суседняй Літве, якая купляе прыродны газ у Расеі ўтрая даражэй, чым Беларусь, электраэнергія, якая на ім вырабляецца, каштуе ўсяго толькі ўдвая больш – і гэта без усялякіх субсідыяў. А з улікам перакрыжаванага субсідавання – калі Белэнерга прадае насельніцтву электрычнасць танней, завышаючы пры гэтым, кошты для прамысловасці, сярэдні сабекошт беларускай электрычнасці выходзіць большы, чым у краінах Балтыі. І гэтая праблема – хранічная.

«Я нядаўна ў Сямашкі, які мне накіроўвае пратаколы вашай камісіі, прачытаў, што танней у Прыбалтыцы, дзе цана ў пяць разоў вышэйшая за прыродны газ. Там танней купіць электраэнергію, чым у нас!!!» – абураецца кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Адмыслоўцы тлумачаць – прычына такой неэфектыўнасці беларускай жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў адсутнасці канкурэнцыі.

«Калі некалькі падрадчыкаў будуць спаборнічаць за тое, каб аказваць нам паслугі, мы тады зможам быць упэўненыя, што мы іх атрымліваем па мінімальных коштах» – кажа эканаміст Леў Марголін.

Але дзяржава ад сваёй манаполіі на паслугі ЖКГ адмаўляцца не збіраецца. Замест гэтага цягам найбліжэйшых гадоў плануецца проста падняць у разы тарыфы на газ ды цяпло – да ўзроўню сабекошту, які будзе ацэньваць не рынак, а чыноўнікі ў Міністэрстве энергетыкі.

У Літве электрычнасць патаннела сёлета ў студзені на 3 %, а ў студзені наступнага года яе кошт мае знізіцца яшчэ на 4 %. У Беларусі за апошні год яна здаражэла на траціну. Адмыслоўцы дапускаюць, што палітычны кантроль за гэтаю галіной для існых уладаў – важнейшы, чым яе эканамічная эфектыўнасць.

Станіслаў Івашкевіч, Belsat.eu

Стужка навінаў