Заробак Ярмошынай – 20 мільёнаў рублёў, пенсія Ермаковай – 8,5 мільёнаў


Журналісты даведаліся, якія пенсіі і заробкі атрымоўваюць беларускія чыноўнікі.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына распавяла, колькі яна зарабляе.

«Паколькі я яшчэ працую, то атрымліваю агульнаграмадзянскую пенсію. Яе памер цяпер 3,2 млн рублёў, натуральна, ён будзе іншы (пры завяршэнні працоўнай дзейнасці – заўв.), але я не ведаю які. Калі ў мяне з’явіцца на гэта права, я звярнуся, і мне палічаць. У мяне пенсія будзе 65 % ад акладу. Але ў любым выпадку я даўно зарабіла пенсію дзяржслужачага, якая больш звычайнай, але толькі калі дзяржслужачы не працуе», – распавядае Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК дадае, што яе заробак «бруднымі» складае каля 20 млн рублёў, «чыстымі» – 17 мільёнаў.

Дзякуючы такім даходам Лідзія Ярмошына можа дазволіць сабе паездку ў Італію, пра якую нядаўна задумалася.

«Я ўжо 14 снежня збіраюся туды ляцець, назад – 21 снежня. У Рым. Ужо забраніравала авіяквіткі і жыллё», – дзеліцца планамі Ярмошына.

У сваю чаргу былая старшыня Нацбанку атрымлівае пенсію ў памеры 8,5 млн рублёў.

«Пенсія добрая, можна на гэтыя грошы пражыць пенсіянеру. Я адна, таму для мяне гэтых грошай абсалютна дастаткова», – кажа Надзея Ермакова.

Ермакова не хавае, што ў яе ёсць «падспоре»: яна з’яўляецца старшынёй назіральнага савету, што дае былой чыноўніцы дадатковыя грошы.

НМ, belsat.eu, паводле Finanse.tut.by

Глядзі таксама
Каментары