«Заробак трэба ўрэзаць тым, хто харчуецца ля дзяржаўнага карыта»


Менчукі выказваюцца пра апошнія заявы чыноўнікаў наконт заробкаў.

Каля Br 3,5 млн каштавала толькі вось гэтая куртка расейскай маркі «RedFox». Тым часам шмат якія беларусы, паводле віцэ-прэмʼера Качанавай, мусяць з разуменнем паставіцца да заробкаў, значна меншых за гэтую суму.

«Вось прыходзіць малады трэнер на заробак Br 1,3 млн. Ну што рабіць, такі заробак! Вы ўсе «гасударавы» людзі ды мусіце разумець сітуацыю ў краіне», – заявіла віцэ-прэмʼер.

Днём раней чыноўніца прайшлася і па медыках, выказаўшы меркаванне, што яны «як працуюць, гэтак і зарабляюць». Між тым сярэдні заробак у сферы аховы здароўя ў снежні склаў крыху больш за Br 6 млн – хапіла б нават на цэлую куртку Лукашэнкі… А вось цярплівасці беларусам усё часцей бракуе.

«Я лічу, што заробак трэба ўрэзаць тым, хто харчуецца ля дзяржаўнага карыта і дэпутатам. Таму што ўсе законы новыя, як адзін – храновыя. І пішуць іх уроды. Усё супраць народу!» – кажа мужчына.

«Чыноўнікі ўва ўсе часы жылі добра. І ў савецкія часы – толькі гэта хавалася. А цяпер тым больш, усё адкрыта. Што хочуць, тое робяць», – дзеліцца меркаваннем жыхарка Менску.

«У час чыноўнік адзін – галоўны. Які ўсім кіруе», – коратка адказвае іншы мужчына.

З апошнім меркаваннем згаджаецца палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў. Ён адзначае, што высокія чыноўнікі ў Беларусі не абіраюцца народам, а таму не мусяць дбаць пра тое, каб падабацца беларусам.

«Качанавай трэба спадабацца толькі аднаму чалавеку і трымаць справаздачу толькі перад адным чалавекам. Не перад выбарцамі, не перад беларускім народам, а канкрэтна перад Аляксандрам Лукашэнкам», – адзначае Віталь Цыганкоў.

А калі спадабаецца яму, то можна здабыць месца ў Драздах, дзе цягам апошняга дзесяцігоддзя надзелы для будаўніцтва атрымалі больш за 100 прадстаўнікоў урадавай, спартовай і бізнес-эліты.

Паводле аналізу выдання «Наша Ніва», кожны ўласнік катэджу ў Драздах можа смела сябе лічыць доларавым мільянерам.

На крывадушнасць у заявах дзейных уладаў увагу звяртае і былы віцэ-мэр Гомлю Віктар Карняенка:

«Дзіўна і цікава, што робяць гэта людзі, з якіх тлушч прэ з усіх дзірак у выглядзе катэджаў, палацаў, жлобскіх гадзіннікаў і гэтак далей. Яны раяць зацягнуць пасы і пры гэтым кажуць, што не мы вас зацягнулі ў багну, а вы таго вартыя».

Адначасова былы дэпутат адзначае, што разам з катэджамі ды ўзнагародамі высокія чыноўнікі прымаюць на сябе і адпаведную ролю – інфармаваць насельніцтва пра змены, якія электарат можа ўспрыняць негатыўна.

«Выходзіць Лукашэнку і распавядаць пра пенсійны ўзрост – гэта не зусім ёмка. Гэта зробяць іншыя, а ён толькі ідучы насустрач пажаданням робіць сваю справу», – заўважае Віктар Карняенка.

І таму з экранаў дзяржаўнага тэлебачання мы часта чуем такія выказванні пра заробкі «у тысячу долараў» у 2015-м годзе..

А ў рэальнасці, летась не ўсе зараблялі нават тысячу за год. Як жанчына з Буда-Кашалёва, якая трапіла ў наш абʼектыў у снежні, калі распавядала пра заробак за Br 900 тыс.

Стужка навінаў