Беларусы разбагацелі ў «чарках» і «шкварках» (Размова з эканамістам)


У крызісныя часы свініна і гарэлка патаннелі для беларусаў.

Да гэтай высновы прыйшлі эксперты даследчага цэнтру «Bipart» і праекту «Кошт ураду», якія падлічылі «індэкс ЧаркаШкваркі»* за другі квартал 2016 года. Падрабязнасці – у размове з адным з аўтараў даследавання, эканамістам Уладзімірам Кавалкіным.

«На самой справе беларусы абагаціліся зусім няшмат, толькі на пару адсоткаў у параўнанні з «ЧаркаШкваркамі», якія назіраліся некалькі папярэдніх кварталаў.

Па сутнасці гэта ваганні вакол нейкага мінімальнага значэння. Але тэндэнцыя да росту ёсць. Атрымліваецца, што беларусы за другі квартал года разбагацелі ажно на 2,5 кілаграмы свініны і на 2,5 літры гарэлкі, калі параўноўваць з папярэднім кварталам», – тлумачыць Уладзімір Кавалкін.

Даступнасць «ЧаркаШкваркі» эканаміст тлумачыць наступствамі палітыкі беларускага ўраду:

«Каб захаваць рынак збыту беларускага піва і беларускай гарэлкі наш урад і наш Мінфін не павышае акцызы, а на некаторыя спіртныя напоі цягам мінулага года і гэтага – нават зніжае. Гэта зроблена, каб нашая гарэлка ў нас прадавалася і каб імпартазамясціць спробы расейскіх вытворцаў экспартаваць у Беларусь гарэлку».

*Так званая «ЧаркаШкварка» складаецца з цаны 100 грамаў бяскостай свініны і 100 грамаў гарэлкі. Разлічваецца кожны квартал на падставе дадзеных Белстату.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў