«Запіс размовы даслаў ананім». Міліцыя адказала на скаргу Севярынца наконт праслухоўкі


Ілюстратыўнае фота

Сустаршыня БХД Павел Севярынец атрымаў адказ са Следчага камітэта, куды ён звяртаўся раней з нагоды праслухоўвання ягоных размоў зь лідэрам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам і выкарыстання гэтага запісу ў перадачы на тэлеканале «Беларусь-1».

Адказ з міліцыі

У лісце начальнік Першамайскага РУУС Менску Андрэй Парашчук сцвярджае: паводле тлумачэнняў Белтэлерадыёкампаніі, запіс размовы быў прадастаўлены «ананімнай крыніцай, якая не паказала ніякіх сваіх асабістых дадзеных». А супрацоўнікі «Беларусь-1», паводле міліцыі, не ажыццяўлялі праслухоўванне самастойна, не ставілі перад сабой мэты сказіць інфармацыю ці парушыць чыесці правы, не раскрывалі асабістых звестак і не парушалі закону «Аб СМІ». Такім чынам, прыкметаў злачынства няма.

Ці было праслухоўванне «ананімам» законным, у адказе з міліцыі не ўдакладняецца. Паводле беларускага заканадаўства, праслухоўваць тэлефонныя размовы маюць права спецслужбы і Следчы камітэт. Пры гэтым, мець санкцыю пракурора ў такім выпадку непатрэбна – дастаткова згоды, напрыклад, начальніка аднаго з аддзелаў КДБ.

«Натуральна, мы будзем абскарджваць гэты адказ. Будзем намагацца выявіць, хто канкрэтна слухаў размовы. Гэта ўсё варта фіксаваць для будучыні», – кажа Павел Севярынец.

Апазіцыйны палітык звяртае ўвагу і на тое, што ў лісце з міліцыі не названы супрацоўнік БТ, з якім праводзілася гутарка.

«Атрымліваецца, нейкі ананім на БТ і іншы ананім у КДБ могуць трансляваць твае размовы на 9 мільёнаў гледачоў? Не, няма нічога таемнага, што б не стала яўным. Яны баяцца называць асобы, таму што ў новай Беларусі ім давядзецца за ўсё адказваць», – упэўнены Севярынец.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары