Занёманскі фарштат. Забытая старонка гарадзенскай гісторыі (Фота)

photo

Занёманская частка Горадні заўсёды застаецца па-за ўвагай экскурсаводаў і турыстаў. І не дзіўна, бо адзіны афіцыйны аб’ект гістарычнай спадчыны, які тут застаўся, – Францішканскі касцёл, які велічна ўзвышаецца над ракой.

Гісторык Андрэй Вашкевіч вырашыў прыадкрыць заслону забыцця і распавесці пра ўнікальную, самую «дзікую» частку гораду, якая з часоў Сярэднявечча разам з нёманскімі хвалямі віравала падзеямі.

Экскурсія па занёманскай частцы Горадні

Экскурсія па занёманскай частцы Горадні

Францішканскі касцёл на старым фота

Францішканскі касцёл на старым фота

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч

Чаму віравала? Таму што ва ўсе часы тут знаходзіўся пункт пераправы праз Нёман з захаду на усход, што рабіла гэтую частку гораду важным стратэгічным месцам. Яшчэ ў 1795-м годзе, калі войскі Расейскай імперыі занялі Горадню, Кацярына ІІ амаль пасварылася з прускімі хаўруснікамі за тое, хто будзе кантраляваць пераход праз Нёман. Аднак немцы адступілі і Занёманскі фарштат на доўгія гады застаўся ва ўладаннях імперыі.

«Занёманскі фарштат» – такую назву гарадзенскае прадмесце атрымала дзякуючы царскім уладам, якія ў 1880-х гадах загадалі пабудаваць вакол гораду фарты. Спачатку земляныя, а ўжо з 1912-га года бетонныя. Яны знаходзіліся амаль у межах гораду.

«Гэта быў своеасаблівы «апендыцыт» Горадні. Гэтая частка існавала тут заўсёды і па нашых падліках тут жыло ад 15 % да 20 % жыхароў. Але самае галоўнае, што цэнтр фарштату увесь час рухаўся ў залежнасці ад таго, дзе будавалі мост і была пераправа», – тлумачыць гісторык.

Францішканскі касцёл

Францішканскі касцёл

Мост праз Нёман

Мост праз Нёман

Частка моста праз Нёман

Частка моста праз Нёман

Касцёл і кляштар францішканцаў быў пабудаваны каля месца, дзе знаходзілася першая пераправа. Новы цэнтр занёманскай часткі ўзнік у 1907-м годзе і быў звязаны з будаўніцтвам новага моста, які зараз называецца «Старым».  На мосце можна пабачыць яшчэ выявы сякеры і якара, – сімвалаў Міністэрства шляхоў зносін у Расейскай імперыі.

Дзікая пераправа праз Нёман

Трэці цэнтр занёманскага прадмесця існаваў з канца ХVІІІ ст. і да пачатку ХХ ст. Калі ў Расейскай імперыі больш-менш супакоілася жыццё пасля няспынных войнаў, у горадзе была пабудаваная новая драўляная пераправа. Любы чалавек, які ехаў з захаду павінен быў пакручыстай стромай дарогай па вуліцы Шчаснага спусціцца да той пераправы. Калі ехалі вазамі, гэта быў сапраўдны злом галавы, што выклікала пачуццё жаху ва ўсіх падарожнікаў, якія з заходняга боку прыбывалі ў горад. Такія ўспаміны пакінула пісьменніца Зоська Верас, якая не раз гасцявала ў Горадні.

7
8
9

Старая брукаванка

«Нарэшце здалёк відаць дамкі Фарштату – як з нямецкай называлі прадмесце Горадні. Шаша злівалася з вуліцай, якая рабілася штораз больш стромкай, бо спускалася да Нёмана. Але перад самым спускам на правым баку вуліцы быў заезд. Заезд, якіх поўна было на Беларусі. Праўда, не было тут карчмы, як усюды, а невялічкі чысты драўляны дамок, у якім першы ад увахода пакойчык – светлы, з фіранкамі на вокнах і нядрэннай мэбляй, – быў месцам адпачынку для падарожных. Нават можна было заказаць шклянку гарбаты і ваду, каб змыць дарожны пыл. Найчасцей, адпачыўшы, пакарміўшы і папаіўшы коней, ехалі ў горад», – пісала Зоська Верас.

11
10

«I тут было самае страшнае. Стромкая вуліца спускалася да Нёмана на мост. Але мост быў пантонны. За кожным крокам каня, за кожным паваротам калёсаў пантоны калыхаліся, вада хвалявалася. Коні стрыглі вушамі, коса паглядалі на ваду. Таму праз мост фурманкі маглі ехаць толькі па адной, не больш. Часам па некалькі фурманак стаяла пры ўездзе – чакалі сваёй чаргі. Каб утрымаць належны парадак, пры ўездзе на мост жыў стражнік. Стражнік пільнаваў парадку і разводзіў мост, калі з аднаго або другога боку з’яўляліся плытнікі», – узгадвала беларуская пісьменніца.

Драўляная пераправа стала непатрэбнай у 1928-м годзе і польскія ўлады вырашылі ад яе пазбавіцца. Танней за ўсё было яе «расстраляць». Жыхары з усяго гораду збіраліся паглядзець, як вайскоўцы з гармат расстрэльвалі пераправу, якая выклікала столькі страху і незадавальнення.

12
13

«Галоўным гандлёвым шляхам у Сярэднявеччы і пазней быў Нёман. І калі тут з’явілася чыгунка, яна не зменшыла яго значэнне, а, наадварот, павялічыла. У 1861 годзе быў пабудаваны чыгуначны мост, па якім год пазней прайшоў першы цягнік, які злучыў Пецярбург і Варшаву. Чыгунка ішла з захаду на ўсход , а Нёман плыў з поўдня на поўнач. І гэтае месца пераўтварылася ў перавалачную базу для самых розных тавараў. Тут з’явіліся тартакі. А за мостам утварылася селішча, якое назвалі «Хлебная прыстань». Там грузілі збожжа і адпраўлялі ў Еўропу. Таму там стаяў адзін з трох гарадскіх піўзаводаў. Функцыянаваў і вінагарэлачны завод. А вуліца называлася «Збажовая». Усё гэта згарэла ў 1941-м годзе. Засталося пару будынкаў. Сёння там толькі пустка», – распавядае Андрэй Вашкевіч.

Калгасная плошча

Сучасная плошча Савецкіх памежнікаў раней насіла назву «Калгасная». Пасля Другой сусветнай вайны на ёй мала чаго захавалася. Адзіная ацалелая канструкцыя на гэтай плошчы, якая засталася з даваеннага часу, – гэта невялічкая электрападстанцыя, якую ў 30-х гадах перанеслі сюды, калі забяспечвалі ўвесь горад святлом. З 10-ці такіх электрападстанцый захавалася толькі гэтая. На просьбу гісторыкаў унесці яе ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, мясцовыя ўлады не пагадзіліся.

Электрападстанцыя на былой Калгаснай плошчы

Электрападстанцыя на былой Калгаснай плошчы

Былая Калгасная плошча

Былая Калгасная плошча

Саму плошчу пачалі забудоўваць савецкія ўлады. Першы будынак, які тут з’явіўся, – гэта корпус Медычнага інстытуту, які аказаўся з часам занадта малым і яго потым перанеслі.

16

«Апроч таго, тут стаяла раней такая цікавая канструкцыя – аглядная зала, дзе ўвесь час рабілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя выставы. Тэлевізійных скрыняў у тыя часы ў кожнай хаце не было, і гэта быў неблагі спосаб уздзейнічаць на мазгі пралетарыяту, паказваючы велічнасць савецкай улады. Будынак існаваў цягам трох гадоў, пакуль не было вырашана пабудаваць большую залу. А гэтую штуку зруйнавалі пры пабудове заводу карданных валаў», – распавядае гісторык.

17
18

Яшчэ ў часы Польшчы тут пачалі з’яўляцца самыя важныя прадпрыемствы. Гэта меў быць прамысловы раён. Сённяшні хлебазавод – гэта былая гута, дзе рабілі шкло.

П’яны вугал

Непадалёк ад былой Калгаснай плошчы ёсць яшчэ адно знакамітае месца ў горадзе – «П’яны вугал». Такую назву гэтае перадмоставае скрыжаванне вуліц атрымала ў 44-46-ых гадах, калі цягам двух гадоў тут з’явілася адначасова 4 «піўнухі». «Іх пабудавалі адначасова 4 розыя інстанцыі – такая своеасаблівая канкурэнцыя па-савецку», – жартуе гісторык.

Непадалёк віднеецца самая галоўная прываба гарадзенскіх кантрабандыстаў – тытунёвая фабрыка, якую перанеслі сюды ў пачатку 30-х гадоў. Дакладна такі самы будынак стаіць ў Гдыні, таму што будаваў іх адзін архітэктар. Апроч таго ён будаваў таксама часткова Варшаўскі ўнівесітэт і касцёл у Друскеніках.

19

У даваенны час тут была яшчэ гарадская малачарня, дзе зараз знаходзіцца будынак малаказаводу. Малачарня з’явілася тут у 1938-м годзе. Пазней яе перабудавалі немцы ў 40-х гадах. Гэтым нямецкім абсталяваннем яшчэ доўгі час карысталіся працаўнікі малаказводу ў савецкія часы. Пад малачарняй быў вялікі ляднік, які зябспечваў горад лёдам. Адным з заняткаў працаўнікоў гарадзенскай малачарні было цяганне лёду. На замерзлым Нёмане яны выпільвалі кавалкі лёду і спецыяльнымі кляшчамі перацягвалі сюды, каб на лета можна было захоўваць малочныя прадукты.

У 1926-м годзе тут з’явілася гарбарня Касоўскага, адаго з самых багатых гарадзенскіх прадпрымальнікаў. Рабілі там розныя вырабы са скуры. Пасля вайны зачынілі. Цяпер гэты будынак прыгавораны да зносу і прапануецца на сайце гарвыканкаму як інвестыцыйная пляцоўка.

20

Крыху далей знаходзіцца самая старая школа, якая захавалася ў горадзе, пабудаваная таксама ў 1926-м годзе. Раней яна насіла назву польскага пісьменніка Стэфана Жэромскага.

21
22

Месца насупраць сённяшняй гарадзенскай філармоніі – сімвалічнае, і звязанае яно з надзеяй. Калісьці тут стаяў самы прыгожы будынак – гатэль «Надзея», пабудаваны ў стылі мадэрн, увогуле не характэрным для Горадні. Будынак быў звязаны з трагічнымі падзеямі гораду. У 1935-м годзе ён пацярпеў, калі ў горадзе адбыўся пагром на габрэйскае насельніцтва. Ёсць здымкі, калі ў 41-м годзе немцы гоняць ля яго гарадзенскіх габрэяў. У канцы 60-х будынак зруйнавалі.

«Час мінае, аднак застаецца надзея, і ў тым ліку на тое, што ў нашым горадзе з’явіцца падобны будынак», – з надзеяй прызнае Андрэй Вашкевіч.

24
23

ПА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары