Замежнікі губляюць цікавасць да беларускіх санаторыяў


Упершыню за дзесяць гадоў попыт сярод замежнікаў на адпачынак у беларускіх санаторыях знізіўся. Выратаваць сітуацыю плануюць дзякуючы спа-паслугам.

Пра зніжэнне попыту распавёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі падчас нарады. Не шмат якія ўстановы аздараўлення павялічылі даходы па экспарце паслугаў у параўнанні з пазамінулым годам.

У мінулым годзе паслугамі беларускіх санаторыяў скарысталіся амаль 195 тыс.замежнікаў. З 2006 года колькасць замежнікаў, што адпачылі ў беларускіх санаторыях, кожны год узрастала, у мінулым годзе рост спыніўся.

Знізілася летась і колькасць расейцаў, адзначыў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

«У гэтых умовах трэба актыўней прыцягваць патэнцыйных спажыўцоў з краінай дальняга замежжа», – заўважыў Генадзь Балбатоўскі.

Ён заклікае беларускія санаторыі актыўна ўводзіць спа-паслугі, каб прывабіць замежнікаў.

НМ, belsat.eu, паводле Белта

Стужка навінаў