Замест Расеі польскія яблыкі аддаюць дабрачынным арганізацыям


Але ў Польшчы не губляюць надзеі патрапіць на расейскі рынак і спадзяюцца на дапамогу з Беларусі

Пасля ўвядзення Расеяй санкцый супраць прадуктаў з ЕС, Еўракамісія выдзеліла 125 мільёнаў еўра, каб кампенсаваць страты фермераў. Грошы паабяцалі тым, хто перадасць сваю прадукцыю дабрачынным арганізацыям. Як вынік: амаль 9 тысяч вытворцаў звярнуліся ў польскае «Агенцтва Сельскай Гаспадаркі» (ARR), каб перадаць садавіну і гародніну патрабуючым.

«Фермеры і вытворцы перадалі нам ужо каля 100 тон харчоў і колькасць заявак хутка расце. Да нас прыйшоў фермер, які хоча перадаць 500 тон яблыкаў», – не хавае радасці прэс-сакратарка Федэрацыі Польскіх Харчовых Банкаў Агнешка Бельска.

Раней паведамлялася аб іншай дабрачыннай акцыі, звязанай з польскімі яблыкамі. Сетка гіпермаркетаў «Intermarche» хацела бясплатна накарміць калінінградскіх школьнікаў 40 тысячамі тонаў польскай садавіны. Але расейскія дыпламаты адхілілі нават такія дабрачынныя пастаўкі.

Тым часам некаторыя, як журналісты польскага выдання «Forbes», спадзяюцца, што польскі экспарт выратуе Беларусь. Асабліва пасля словаў расейскага віцэ-прэм’ера Аркадзя Дварковіча аб магчымасці Беларусі перапрацоўваць і прадаваць далей у Расею забароненыя тавары.

«Праблемай будзе пытанне цаны тавараў, якія набудуць беларускія фірмы. Дадатковы пасярэднік скарыстаецца магчымасцю, каб зарабіць на гэтай сітуацыі і выкарыстаць польскіх вытворцаў, якія знаходзяцца пад ціскам», – піша «Forbes».

Варта нагадаць, што Польшча з’яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам яблыкаў у свеце. Паводле польскага Міністэрства Сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі, у сезоне 2012/2013 Польшча прадала за мяжу 1,2 млн тонаў яблыкаў за 438 млн еўра. Больш за ўсё польскія яблыкі набывалі Расея (677 тысяч тонаў за 256 млн еўра) і Беларусь (145 тысяч тонаў за 45,5 млн еўра).

Фота: Glow Images/East News 

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў