Замест грошай за працу ў Расеі беларусы атрымалі крымінальную справу


Абарона перакананая, што справа сфабрыкаваная супольна з іхным былым працадаўцам з Масквы: старэйшы оперупаўнаважаны Лельчыцкага РАУСа Валянцін Хомчыц аказаўся сябрам расейца.

Суддзя Гомельскага абласнога суду Васіль Бягун адмяніў рашэнне Калінкавіцкага раённага суду адносна гастарбайтараў з Лельчыцаў Аляксандра Будзько і Руслана Грысько, якія атрымалі заробак за працу ў Расеі расейскімі рублямі ў Беларусі, і адправіў адміністратыўную справу на новы разгляд, новым складам суду.

16 жніўня суддзя Калінкавіцкага суду Кугейка пакарала кожнага штрафам Br 1380 рублёў і канфіскацыяй – таксама ў кожнага – па 100 тысячаў расейскіх рублёў за незаконную валютную аперацыю.

Будзько і Грысько віны сваёй не прызналі, з рашэннем раённага суду не пагадзіліся, і падалі касацыйную скаргу ў абласны суд у Гомлі.

Праваабаронца Віталь Манько: У справе гастарбайтараў мы маем справу з фактамі карупцыі

Мужчыны перакананыя, што справу старэйшы оперупаўнаважаны Лельчыцкага РАУСа Валянцін Хомчыц сфабрыкаваў з дапамогай іх былога працадаўцы Анатоля Сныцарава.

За два гады працы беларусаў у Маскве Сныцараў застаўся вінны ім буйную суму грошаў. Мужчыны мяркуюць, што такім чынам ён таксама меў намер пазбавіцца ад канкурэнтаў на рынку будаўнічых паслуг у Маскве: праз сталыя недаплаты яны сышлі ад яго і заснавалі сваю будаўнічую фірму.

Суддзя абласнога суду Васіль Бягун у судовым рашэнні адзначыў, што ў справе існуе сутыкненне законаў. Адказнасць за незаконнае атрыманне плацежных сродкаў прадугледжаная прэзідэнцкім указам 49 і адміністрацыйным кодэксам. Пры чым, указ прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за такое правапарушэнне. Да гастарбайтараў Калінкавіцкі суд ужыў больш жорсткую меру пакарання, хаця, паводле закона, у выпадках калізіі законаў, суд павінны прымаць рашэнне ў інтарэсах грамадзянаў і абіраць найменшае пакаранне.

Апроч таго, не былі ўзяты пад увагу памякчальныя абставіны: наяўнасць непаўналетніх дзяцей у жыхароў Лельчыц і адсутнасць адміністрацыйных спагнанняў. Суддзя Васіль Бягун вынес таксама прыватнае прадпісанне распачаць праверку адносна старэйшага оперупаўнаважанага Лельчыцкага РАУСа Валянціна Хомчыца, які вёў адміністрацыйную справу гастарбайтараў і непасрэдна кіраваў іх затрыманнем падчас перадачы расейскіх грошаў.

Жонка Валянціна Хомчыца пазіруе ў купальніку на лецішчы Анатоля Сныцарава

«Тут, на маю думку, класічны выпадак карупцыі, – каментуе праваабаронца з Калінкавічаў Віталь Манько, які аказвае гастарбайтарам прававую дапамогу. – Мы маем доказы цесных стасункаў паміж Анатолем Сныцаравым і міліцыянтам Валянцінам Хомчыцам. Ёсць фотаздымкі дзе сям’я Хомчыца адпачывае на лецішчы ў Сныцарава ў Анапе, ёсць сведчанні працаўнікоў рэстарацыі ў Анапе, што некалькі разоў Сныцараў і сям’я Хомчыца вячэралі разам – прычым на даволі буйныя суму. Мы таксама знайшлі доказы таго, што Хомчыц шляхам угаворвання і запужвання ў Маскве спрабаваў пераканаць калегаў – будаўнікоў Будзько і Грысько даць супраць іх хлуслівыя паказанні, што апошнія, нібыта, з імі не разлічыліся за працу. Такім чынам, ён спрабаваў сфабрыкаваць яшчэ і крымінальную справу супраць Будзько і Грысько. Усяму мы маем пісьмовыя, аўдыё- і відэадоказы».

СМС з пагрозамі ад міліцыі

Падчас разгляду справы ў абласным судзе цягам месяца, Будзько і Грысько атрымлівалі шматлікія СМС з пагрозамі і абразамі на свой адрас. Ананімы патрабавалі спыніць пісаць скаргі і заявы на супрацоўнікаў міліцыі. Аказалася, што адзін з нумароў, з якога паступілі пагрозы Будзько і Грысько, належыць да супрацоўніка Лельчыцкага РАУСа.

Аляксанр Будзько і Руслан Грысько страцілі давер да беларускіх праваахоўнікаў

З фактамі магчымай карупцыі і змовы паміж Сныцаравым і Хомчыцам, а таксама пагроз ад ананімаў, гастарбайтары ўжо звярнуліся з заявамі і скаргамі ў Лельчыцкі РАУС, пракуратуру ды Следчы камітэт. Апроч таго, гастарбайтары пры дапамозе блогера Віталя Манько надалі справе галоснасць. Віталь Манько выпусціў ужо 8 відэаролікаў, дзе падрабязна разглядае акалічнасці гэтай справы. Ролікі маюць дзясяткі тысячаў праглядаў і актыўна каментуюцца.

«Мы – сумленныя людзі, нам няма чаго хаваць, – кажа Аляксандр Будзько. – Праз такіх супрацоўнікаў як Хомчыц, суддзя Кугейка ды іншыя мы страцілі веру і давер да праваахоўныя органаў і правасуддзя. Мы з Русланам ужо некалькі месяцаў пішам скаргі і заявы ў розныя інстанцыі, каб правялі праверку дзеянняў міліцыянтаў, і дагэтуль мы не атрымалі яшчэ аніводнага адказу. Але, зараз, калі ўжо сам суддзя абласнога суду вынес прадпісанне распачаць праверку дзеянням міліцыянта Хомчыца, мы спадзяемся, што дзеянні міліцыі атрымаюць належную прававую адзнаку і справядлівасць будзе адноўленая».

Абласны суд у Гомлі адмяніў рашэнне Калінкавіцкага раённага суду. Наперадзе ў гастарбайтараў новы разгляд справы. Паводле КаАП, ім пагражае максімальны штраф да 50 базавых велічыняў. Канфіскацыя грошаў не прадугледжаная.

Ларыса Шчыракова

Стужка навінаў