Замест Джамалы на «Славянскі базар» прыедзе Сяргей Лазараў ды IVAN


Джамала

Арганізатары адмовіліся ад выступу ўкраінскай спявачкі крымскататарскага паходжання на карысць расейскай поп-зоркі.

Як адзначаюць расейскія СМІ, адсутнасць у праграме пераможцы «Еўрабачання» яны (арганізатары – заўв. belsat.eu) не лічаць вялікай стратай.

«У нас выступіць іншы ўдзельнік «Еўрабачання», ад Расеі, – Сяргей Лазараў, усе вельмі задаволеныя гэтым выбарам. Таксама выступіць удзельнік гэтага года ў «Еўрабачанні» спявак IVAN. Для нас гэтага дастаткова», – паведаміла намесніца фестывалю Юлія Вайлунава.

Джамала «Белсату»: Калі краіна Беларусь, то там павінна быць беларуская мова

«Часам мы запрашаем пераможцу сёлетняга «Еўрабачання», а часам не. Гэта цалкам наша воля. У гэтым годзе пераможцы ў Віцебску не будзе. У нас не было часу займацца абмеркаваннем умоў прыезду Джамалы. Нам трэба было вырашаць іншыя задачы, вось і ўсё», – патлумачыла яна.

Перамовы з Джамалой нібыта вяліся некалькі месяцаў, аднак арганізатары не змаглі задаволіць шэраг умоў украінскай дэлегацыі і вырашылі яе не запрашаць. Галоўнай прычынай адмовы ў кулуарах конкурсу называюць асцярогі арганізатараў і імкненне пазбегнуць «палітычных акцый», якія каманда Джамалы дазваляла сабе падчас «Еўрабачання» ў Швецыі.

Belsat.eu з Юліяй Вайлуновай, якую згадвае Life.ru, звязацца не ўдалося – яна выйшла на нараду і на працоўнае месца не вярнулася.

Фестываль распачнецца 14 ліпеня традыцыйна ў Віцебску.

ДР belsat.eu паводле life.ru

Глядзі таксама
Каментары