Замест Беларусі – Швецыя. Літва пачала імпарт «незалежнай» электраэнергіі


Літва зноўку атрымлівае электраэнергію са Швецыі. Пасля рамонту запрацаваў сілавы кабель, што праходзіць па дне Балтыйскага мора. Злучэнне Літвы са Швецыяй ды Польшчаю – толькі частка стратэгіі энергетычнай незалежнасці нашых суседзяў. У генераванні ўласнай электрычнасці літоўцы зрабілі стаўку на аднаўляльныя крыніцы.

Ёсць такая прымаўка: «У моцны вецер дурань будуе сцяну, а разумнік ладзіць млын». Пагегяйскае самакіраванне, што ля Калінінградскай вобласці, праз прыродную зʼяву «Калідор заліву» адно з самых ветраных у Літве. Пасля пабудовы ветрапарку гэтая мясцовасць стала прыносіць прыбыткі. Комплекс стометровых ветракоў новага пакалення належыць кампаніі «Amberwind», у перакладзе «Бурштынавы вецер».

«Мы адзін з найвялікшых вытворцаў, а не спажывальнікаў. На гэты момант у нас пабудавана ветракоў агульнай колькасцю 110 МВт», – распавядае Эгідзіюс Сімуціс, дырэктар фірмы «Аmberwind»

«Ветракі не перашкаджаюць, хай сабе стаяць»

Пабудавалі ветрапарк усяго за два гады, перад тым правёўшы даследаванне ягонага ўплыву на асяроддзе. Турбіны стаяць далёка ад жылых дамоў, таму мясцовыя не скардзяцца. Наадварот, задаволеныя, што інвестар пабудаваў добрыя дарогі, да любога поля даехаць можна.

«Ветракі мне не перашкаджаюць, хай сабе стаяць», – кажа мясцовая жыхарка.

«У нас ёсць дамова, мы прыглядваем, снег прыбіраем, траву косім. Таксама заробак для насельніцтва», – звяртае ўвагу Альвідас Ляшынскас, тутэйшы фермер.

Сярод трох балтыйскіх краінаў-сёстраў Літва – лідар у ветраэнергетыцы. Чвэрць усёй згенераванай там электрычнасці атрыманая ад ветракоў. Дзяржава дапамагае, купляючы энергію па экалагічным кошце, але ўсё ж гэта прыватны бізнес з банкаўскімі крэдытамі.

Надбаўку плацяць толькі на час, пакуль вятрак акупіцца – 10-12 гадоў. Потым ветравая электрастанцыя вяртае інвестыцыі, адначасова зніжаючы кошт на электрычнасць.

Гэта толькі пачатак

Ад ветракоў няма выкідаў вуглякіслага газу, затое ёсць адчувальны ўплыў на агульны энергетычны рынак. Пік спажывання электрычнасці згладжваецца, пік вытворчасці ідзе ўгару.

«Вядомы такі эфект, калі дзьме моцны вецер, то гэта ёсць і ў Нямеччыне, і ў Даніі, і ў нас таксама, электрычнасць падае ў кошце нават блізка да нулю», – тлумачыць Эгідзіюс Сімуціс.

У планах літоўцаў пайсці дацкім шляхам – пабудаваць ветракі ў моры ля ўзбярэжжа, дзе вецер дзьме 98 % часу.

Яраслаў Сцешык, Ганна Русінава, «Белсат», Літва, фота – grushevskogo5.com

Стужка навінаў