«Закрыццё «Белсату» згуляла б на карысць дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі» – заява Рады БНР


Рада БНР выступіла з заявай наконт сітуацыі вакол тэлеканалу «Белсат».

Заява Рады Беларускае Народнае Рэспублікі аб сітуацыі вакол тэлеканалу «Белсат»

Рада БНР сурёзна занепакоеная паведамленнямі аб пагрозе існаванню тэлеканалу «Белсат».

За гады сваёй працы «Белсат» стаў адным з найбольш уплывовых беларускіх СМІ, вельмі яскравай і вельмі важнай зʼявай у беларускай медыйнай прасторы. Гэта ўнікальная пляцоўка для выказвання незалежнай ад уладаў думкі.

«Белсат» – адзіны ў свеце тэлеканал, які вяшчае на беларускай мове. Калектыў «Белсату» стварыў выдатныя перадачы і дакументальныя фільмы. Ва ўмовах панавання ў Беларусі дыктатарскага рэжыму, які займаецца дыскрымінацыяй беларускай мовы і беларускай культуры, працягвае савецкую шавіністычную палітыку русіфікацыі і знішчэння беларускасці, «Белсат» грае вялізную ролю ў якасці не толькі СМІ, але і як культурніцкая зʼява.

Стварэнне і падтрымка «Белсату» – гэта неацэнны ўнёсак Польшчы ў падмурак беларуска-польскага сяброўства. Дзякуючы «Белсату» Польшча замацавала падтрыманне сярод найбольш прагрэсіўнай часткі беларускага грамадства. Беларусы заўжды будуць удзячныя Польшчы за «Белсат».

Закрыццё тэлеканалу альбо яго перафарматаванне было б сурёзным ударам па свабодзе слова ў Беларусі і згуляла б на карысць дыктатарскаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі і ягоным традыцыйным спонсарам – агрэсіўным расейскім нацыяналістычным элітам. Гэта было б ударам па інтарэсах дэмакратыі і бяспекі ў нашым рэгіёне.

Рада БНР звяртаецца да ўладаў Польшчы і да Еўрапейскага Звязу з просьбай падтрымаць далейшае існаванне тэлеканалу «Белсат» як незалежнага беларускага беларускамоўнага тэлеканалу.


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі – найвышэйшы кіраўнічы орган БНР, які з 1919 года дзейнічае на эміграцыі і ўяўляе сабой адну з ключавых палітычных арганізацыяў беларускай дыяспары. Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Першага Усебеларускага кангрэсу 1917 года і па стане на 2015 год зʼяўляецца самым старым у свеце «урадам у выгнанні».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў