«Закону проста няма», – актывістаў з Горадні будуць судзіць за фота з бчб-сцягам


Актывістаў з Горадні Сяргея і Вольгу Верамеенкаў будуць судзіць за фота з бел-чырвона-белым сцягам. Верамеенкі зрабілі гэта на знак салідарнасці з Васілём Паляковым, які адбываў 15 содняў арышту за нацыянальную сімволіку. Фота з надпісам «У Горадні такія самыя, як Васіль», выкладзенае ў Facebook, міліцыя палічыла «несанкцыянаваным пікетам».

Суд прызначаны на 9:00 25 траўня, актывісты прысутнічаць на паседжанні збіраюцца, аднак маюць да праваахоўнікаў свае пытанні.

«Мне цікава, а чаму міліцыя не прыцягвае да адказнасці, напрыклад, байкераў, якія ладзяць мотапрабегі з георгіеўскай стужкай і савецкімі сцягамі?», – гаворыць сябра БХД Сяргей Верамеенка ў інтэрв’ю «Белсату».

Паводле яго слоў, у Горадні быў дадзены адмысловы загад на такія рэпрэсіі. Пратакол на Верамеенкаў склаў участковы Казлоўскі.

«Закону проста няма! Міліцыянты самі яго не выконваюць. А я ўсё адно буду фатаграфавацца, дзе захачу і з чым захачу», – кажа Сяргей.

Паводле слоў ягонай жонкі Вольгі, раней яны разам заўжды фатаграфаваліся з нацыянальным сцягам, змяшчалі здымкі ў сеціве, але ніякіх прэтэнзіяў не атрымлівалі.

«Не разумею, што адбываецца ў нашай краіне. Мне што, трэба пытацца дазволу ў выканкаме, каб зрабіць фота? А калі б я стаяла з расейскім трыкалорам ці сімволікай СССР, ніхто б мяне не абвінаваціў. Фота займае 5-10 секундаў і не з’яўляецца пікетам. Магчыма, цяпер, калі пасля хвалі пратэстаў усё сціхла, міліцыянтам проста няма чым займацца. Ну і грошы ў бюджэт патрэбныя», – дзеліцца меркаваннем Вольга.

У сакавіку Верамеенкі ўдзельнічалі ў мясцовай акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3, абодва былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці.

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu; фота – Фэйсбук

Стужка навінаў