Законапраект аб альтэрнатыўнай службе прыняты ў другім чытанні


Падставаю для праходжання альтэрнатыўнай службы будуць з’яўляцца рэлігійныя перакананні. Грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, будуць прыцягвацца да грамадска карыснай дзейнасці ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей, а таксама ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях.

На альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца грамадзяне мужчынскага полу ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, прыдатныя па стане здароўя і фізічным развіцці да праходжання вайсковай службы, якія асабіста напісалі заяву аб тым, што прыняцце вайсковай прысягі і нашэнне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням.

Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы для грамадзянаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі, складзе 36 месяцаў, якія маюць вышэйшую адукацыю – 24 месяцы.

Для звычайных ваеннаслужачых гэтыя тэрміны складаюць 18 і 12 месяцаў адпаведна, а для тых, хто на момант прызыву прайшоў навучанне на ваенных кафедрах або факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, – 6 месяцаў.

Згодна з законапраектам у перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы грамадзянам будзе выплачвацца штомесячнае грашовае ўтрыманне ў памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту перажытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва (цяпер складае 1 млн. 474 тыс. 870 рублёў).

Акрамя таго, у законе «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» прапануецца замацаваць гарантыю давання першага працоўнага месца грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы.

Закон «дзеля галачкі»

Варта зазначыць, што праект закона аб альтэрнатыўнай службе неаднаразова крытыкаваўся грамадскасцю.

«Складваецца ўражанне, што распрацоўнікі спрабавалі выкласці нормы дакументу такім чынам, каб зрабіць альтэрнатыўную службу як мага менш прыцягальнай», – мяркуе аналітык Ліберальнага клубау Мікіта Бяляеў.

Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на «прыкметна большы тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з ваеннай».

Аналітык нагадаў, што пастанова Канстытуцыйнага суда, якая прадугледжвае распрацоўку закона, выйшла яшчэ ў 2000 годзе, але толькі ў 2010-м прэзідэнт даў канкрэтнае даручэнне ўраду.

Як мяркуе Бяляеў, «прычынай больш як дзесяцігадовай цяганіны паслужыў націск ваеннага лобі, якое ніколі не ўтойвала свайго негатыўнага стаўлення да альтэрнатыўнай службы». «Дый кіраўніку дзяржавы з яго трапяткім стаўленнем да арміі ідэя альтэрнатыўнай службы, мяркуючы па ўсім, не блізкая», – дадаў ён.

Паводле яго слоў, «альтэрнатыўная служба не патрэбная і не цікавая беларускай дзяржаве», і, прымаючы гэты закон, «улады чарговым разам проста ставяць галачку».

Меркаванне аналітыка пацвярджаюць заявы афіцыйны асоб. Так, размаўляючы 13 мая з журналістамі ў парламенце незадоўга да прыняцця законапраекта ў другім чытанні, дэпутат Васіленка заявіў, што закон аб альтэрнатыўнай службе і не павінен быць прыцягальным.

У сваю чаргу міністр абароны Андрэй Раўкоў заявіў, што закон аб альтэрнатыўнай службе ніяк не адабецца на арміі і колькасці салдат тэрміновай службы. «Тая мізэрная колькасць ахвотных паслужыць альтэрнатыўна, надвор’я не зробіць ні для арміі, ні для краіны», – сказаў ён.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары