Закон аб альтэрнатыўнай службе ўступіць у сілу з 1 ліпеня 2016 года


У Беларусі закон аб альтэрнатыўнай службе ўступіць у сілу з 1 ліпеня 2016 года. Пра гэта сказана ў паведамленні, якое апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Заява прызыўніка, які хоча адбыць альтэрнатыўную вайсковую службу, будзе разглядацца на пасяджэнні прызыўной камісіі ў ягонай прысутнасці. На пасяджэнне могуць быць запрошаны прадстаўнікі рэлігійных і іншых арганізацыяў, іншыя грамадзяне, якія могуць даць тлумачэнні па сутнасці заявы, гаворыцца ў паведамленні, паведамляе telegraf.by.

Згодна з законам, на альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца мужчыны ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве, прыгодныя паводле стану здароўя і фізічнага развіцця да праходжання вайсковай службы і якія напісалі заяву, што прыняцце воінскай прысягі і нашэнне зброі супярэчаць іхным рэлігійным перакананням.

Грамадзяне будуць праходзіць альтэрнатыўную службу ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог ды чыгуначных шляхоў. Акрамя таго, яны могуць працаваць пры ліквідацыі наступстваў прыродных і тэхнагенных надзвычайных сітуацый.

Законам устаноўлены тэрміны альтэрнатыўнай службы: для грамадзянаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі – 36 месяцаў, для людзей з вышэйшай адукацыяй – 24 месяцы.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў мяркуе, што колькасць ахвотных праходзіць альтэрнатыўную службу будзе мізэрнай і не паўплывае істотна на велічыню беларускага войска.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў