Закладнікі «Ялізава». Ці выжыве вёска?


З трох цэхаў шклозаводу «Ялізава», што ў Асіповіцкім раёне, цяпер працуе толькі адзін. Вытворчасць тут бесперапынная, таму калі ўжо будуць спыняць, то завод цалкам, непакояцца працаўнікі прадпрыемства.

РАБОЧЫ ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Кажуць нам, што прадпрыемства ў цяжкай сітуацыі. І вось кантракты ў людзей заканчваюцца, і іх не працягваюць. Ва ўсіх сем’і, дзеці. Я не ведаю, як далей будзе, дзе працу шукаць. Па краіне цяпер крызіс з працаю».

У лепшыя часы шклозавод даваў працу больш як 1800 асобам. Цяпер за свае месцы трымаюцца каля 400 працаўнікоў. Для амаль 3-тысячнага паселішча гэта пытанне існавання.

ВАЛЯНЦІН, РАБОЧЫ ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«У нас няма больш ніякага прадпрыемства. У нас ужо 100 гадоў заводу, і акрамя заводу ў нас ніякага заробку няма».

Няпэўнасці сітуацыі на прадпрыемстве дадало затрыманне днямі першых асобаў кампаніі «АТЕС Holding» – асноўнага інвестара «Ялізава» ды ўладальніцы заводу «Мотавела». Паводле шэрагу крыніцаў, іх вінавацяць у вывадзе капіталу. Яшчэ ў траўні старшыня назіральнай рады шклозаводу і суўладальнік кампаніі «АТЕС Holding» Аляксандр Мураўёў тлумачыў газеце «СБ–Беларусь сегодня», што «Ялізава» прайграла на рынку Еўразійскай эканамічнай прасторы праз няроўную канкурэнцыю з расейскімі прадпрыемствамі, у прыватнасці, з прычыны рознасці тарыфаў на газ, які дае траціну сабекошту прадукцыі.

АЛЯКСАНДР МУРАЎЁЎ, СТАРШЫНЯ НАЗІРАЛЬНАЙ РАДЫ ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«З 2011 года намеціўся разрыў у тарыфах. А сёння ён катастрафічны. Расейскае прадпрыемства плаціць за тысячу кубоў газу 70 долараў. Мы – 340. Ці можна канкураваць у такіх умовах?»

Але не апошнюю ролю адыграла і непрафесійнасць новага кіраўніцтва, лічыць былая начальніца аддзелу збыту. Інвестар набыў кантрольны пакет акцыяў заводу ў 2002 годзе. У прыватнасці, не пайшла на карысць замена машынаў на лініі з большаю прадукцыйнасцю.

АЛЕНА КУТНІКАВА, БЫЛАЯ НАЧАЛЬНІЦА АДДЗЕЛУ ЗБЫТУ ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Цяпер шмат якія беларускія кансервавыя заводы купляюць слоікі ў Расеі. Чаму? Бо ў «Ялізаве» – дорага… А высокавытворчыя машыны – гэта добра, але столькі слоікаў цяпер і не трэба, бо ў Расеі пачалі слоікі вырабляць. Мы проста спазніліся ў гонцы за грашыма, вось як атрымалася».

У закладніках жа фактычна аказалася ўсё паселішча.

МАРЫНА, БЫЛАЯ ПРАЦАЎНІЦА ШКЛОЗАВОДУ «ЯЛІЗАВА»:

«Дакаціліся да таго, што жанчыны пачалі ездзіць у Расею працаваць. Раней мужчыны ехалі, а цяпер жанчыны з заводу. У Расеі ж шмат заводаў, падобных да нашага».

Едуць па заробак, але і за працу на заводзе трымаюцца, каб раптам не апынуцца ў ліку гэтак званых дармаедаў. Падатак на 3,6 мільёна шмат для каго тут быў бы непад’ёмны.

Вольга Кляўчэня, «Белсат»

Стужка навінаў