Узброенага тэрарыста ў Сіднэі забілі падчас штурму


Імігрант з Ірану больш за 16 гадзінаў трымаў закладнікаў у кавярні «Lindt».

Захопленую кавярню аўстралійская паліцыя ўзяла штурмам, прыкладна а 2-й гадзіны ночы паводле мясцовага часу. Перад гэтым з будынку выбеглі прынамсі шэсць чалавек, адразу пасля штурму – яшчэ дзесяць, а некалькі чалавек вынеслі на насілках.

Тым часам з’явілася інфармацыя аб асобе нападніка. Гэта 49-гадовы Мэн Харон Моніс – імігрант з Ірану, які атрымаў палітычны прытулак у Аўстраліі. Паводле meduza.io, у красавіку яго абвінавацілі ў сексуальным гвалце ў адносінах да 7 жанчынаў. У красавіку яму дадалі яшчэ 40 падобных абвінавачванняў.

Моніс знаходзіўся на волі пад закладам у чаканні суда, што меў адбыцца ў лютым 2015 года.

Яшчэ раней Моніса падазравалі ў дачыненні да забойства жонкі. У 2013 годзе яе ўдарылі нажом, а цела спрабавалі спаліць.

У 2009 годзе Моніс прадстаў перад судом па справе аб рассылцы лістоў абразлівага характару сем’ям аўстралійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Афганістане. Падчас суда ён абвесціў сябе змагаром за мір. Яму тады прысудзілі 300 гадзінаў грамадскіх працаў.

Як мінімум адзін узброены нападнік на кавярню «Lindt» у цэнтры аўстралійскай сталіцы трымаў закладнікаў ля вокнаў з прыціснутымі да іх далонямі, побач быў бачны чорны сцяг з белымі надпісамі па-арабску. Гэта дало падставу да падазрэння у нападзе ісламскіх баевікоў.

Прадстаўнікі кампаніі «Lindt» паведамілі, што на момант захопу (каля 02:00 паводле менскага часу) у кавярні было 10 працаўнікоў і прыблізна 30 наведнікаў. Тэрыторыю вакол будынку ачапіла паліцыя і спецназ. У раёне спынены грамадскі транспарт, кіроўцам паведамілі, што ёсць пагроза выбуху бомбы.

Каля 10:30 паводле менскага часу ўдалося збегчы яшчэ дзвюм працаўніцам.

Прадстаўніца камісарыяту штату Новы Паўднёвы Ўэльс Кэтрын Бэрн (Catherine Burn, New South Wales Police) распавяла, што адмыслоўцы ў перамовах ужо працуюць, і гэта можа заняць некалькі гадзінаў, бо ёсць спадзяванне на мірнае развязанне сітуацыі.

Каля 7:30 паводле менскага часу стала вядома, што з кавярні ўдалося ўцячы дзвюм працаўніцам і аднаму наведніку. Іх апытала паліцыя, падрабязнасцяў не паведамляюць.

Каля 6:30 паводле менскага часу камісар мясцовай паліцыі Эндру Сіпіёўні (Andrew Scipione, New South Wales Police) паведаміў, што сілавікі не мелі простага кантакту са злачынцам, а колькасць закладнікаў невядомая. Паводле яго, інцыдэнт можна назваць тэрактам. На пытанне, ці вядомая паліцыі матывацыя захопніка, ён адказаў, што гэтага пакуль не атрымалася высветліць, як і таго, што можа азначаць сцяг з надпісам.

Аўстралія жыве ў стане павышанай небяспекі праз сваю актыўную пазіцыю ў змаганні супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі ды Іраку.

Паводле Reuters

Стужка навінаў