Зайздрасць ці палітыка: чаму Гуркова мелі не высылаць на чэмпіянат свету?


Чаму ў Беларусі атлет пераходзіць у апалу, мы прасачылі на прыкладзе героя апошніх дзён Віталя Гуркова.

Леташні чэмпіянат свету Віталь прапусціў з абʼектыўнае прычыны.

МІХАІЛ СЦЯПАНАЎ, ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ:
«Зразумела, мы гатовыя, усё ў нас выдатна. Адзінае, што мы страцілі аднаго спартоўца, праз хваробу ў нас не паедзе, на жаль, Віталь Гуркоў – праблема з каленямі. Таму цяпер шукаем яму замену».

Чэмпіянат свету–2015 адбыўся ў жніўні ў сталіцы Тайланду, Бангкоку, а ў кастрычніку здарыўся візіт гурта «Brutto» ў Лондан у межах канцэртавага туру «Родны край».

ВІТАЛЬ ГУРКОЎ, ШМАТРАЗОВЫ ЧЭМПІЁН СВЕТУ ПА ТАЙСКІМ БОКСЕ:
«Карыстаючыся выпадкам, хачу перадаць прывітанне маёй маці. Мама, памятаеш, ты казала, што гурт «Brutto» далей за Актырку мяне нікуды не завядзе. А вось мы ў Лондане…»

Да гэтага падарожжа рэзка адмоўна паставіўся Міхаіл Сцяпанаў, заўважыўшы, што замест таго, каб «скакаць», лепш бы Гуркоў рыхтаваўся да чэмпіянату свету. Хаця Віталь паехаў у сталіцу Вялікай Брытаніі на некалькі дзён, узяўшы адпачынак за свой кошт. Ён меў недалечаную траўму, у выніку якой не мог трэнавацца на поўную моц, і адпаведныя медычныя дакументы.

СЯРГЕЙ МІХАЛОК, ЛІДАР ГУРТА «BRUTTO»:
«Віталя Гуркоў – гэта крыштальна сумленны, самы з нас, ён дзесяціразовы чэмпіён свету, ён выходзіў супраць Буакаў Прамука і для мяне было важным момантам, што пры гэтым ён эмацыйны».

На чэмпіянат свету–2016 Віталь Гуркоў трапіў паводле спартовага прынцыпу ў адной з 14-ці вагавых катэгорыяў. Але спартовец не быў на кантракце, таму на бюджэтныя грошы разлічваць не мог.

ВІТАЛЬ ГУРКОЎ, ШМАТРАЗОВЫ ЧЭМПІЁН СВЕТУ ПА ТАЙСКІМ БОКСЕ:
«Я размаўляў з адным вельмі высокапастаўленым чалавекам, які сказаў, што пакуль я тут, на сваім месцы, мы не дапусцім ніякіх рэвалюцыяў. Я кажу, што мы ні ў якіх палітычных арганізацыях не знаходзімся, мы ні на якіх мітынгах, нідзе не прымаем удзел. Ён кажа: «Я бачыў вашыя канцэрты. У вас канцэрты могуць быць падобныя да мітынгаў».

Беларускую федэрацыю кікбоксінгу і тайландскага боксу ўзначальвае намеснік Міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, камандзір унутранымі войскамі, нарадзінец Паўночнай Асеціі Юрый Караеў, ад якога, напэўна, цяжка чакаць калі не падтрымання, то хаця б разумення падначаленага спартоўца, які жадае ўзмацніць нацыянальную ідэнтычнасць.

Літаральна за некалькі гадзінаў на пляцоўцы Talaka.by заўзятары сабралі суму – неабходныя Br 68 мільёнаў 200 тысячаў для паездкі байца ў Скандынавію. А ў выніку грошы былі скіраваныя на дабрачынныя мэты, бо Міністэрства спорту вымушанае было аплаціць выезд Віталя Гуркова як пераможцы адборачнага чэмпіянату Беларусі. Праект назвалі «Народны чэмпіён», нібы прадказаўшы Гуркову яго 11-ы сусветны аматарскі тытул. 27-га сакавіка сёлета Віталь адзначыў сваё 31-нагоддзе і заканчваць са спортам пакуль не плануе.

АП, belsat.eu

Стужка навінаў