Захопнікі будынку паліцыі ў Ерэване здаліся, арыштаваныя 20 чалавек


Узброеная група, якая 17-га ліпеня захапіла будынак дарожнай паліцыі ў Ерэване, склала зброю ды здалася ўладам.

«Спецпадраздзяленні праваахоўных органаў сваймі паслядоўнымі і ўзгодненымі дзеяннямі прымусілі чальцоў узброенай групоўкі скласці зброю і здацца ўладам. Затрымана 20 тэрарыстаў. Тэрыторыя палка патрульна-паставой службы цалкам вызваленая», – заявілі ў Службе нацыянальнай бяспекі Арменіі, інфармуе Interfax.ru.

Раней у нядзелю ўвечары паведамлялася, што ўзброеная група заявіла пра гатовасць здацца.

Прадстаўнікі апазіцыйнай групы «Устаноўчы парламент» патлумачылі рашэнне захопнікаў тым, што шмат хто з іх паранены, падае Tvrain.ru.

У будынку заставаліся да апошняга часу дваццаць узброеных нападнікаў. Большасць з іх – ветэраны вайны ў Нагорным Карабаху, як і арыштаваны раней лідар апазіцыйнага руху «Устаноўчы парламент» Жэрайр Сефілян. Таму на перамовы з узброенымі людзьмі быў накіраваны Віталь Баласанян, генерал у адстаўцы і герой вайны.

Захопнікі паведамілі, што гатовыя сядзець у турме за свае перакананні. Яны патрабавалі вызвалення Сефіляна і адстаўкі кіраўніцтва краіны. У пятніцу ў Ерэване прайшла акцыя, удзельнікі якой спрабавалі вызваліць сваіх паплечнікаў. Акцыю разагнала паліцыя, больш за 50 чалавек былі затрыманыя.

Раніцай будынак пакінулі апошнія закладнікі – лекары, якіх утрымлівалі ўзброеныя апазіцыянеры. Яны выйшлі за межы тэрыторыі патрульна-паставой службы, калі эвакуявалі аднаго з параненых. Усяго закладнікаў было чацвёра, дваім удалося выйсці на свабоду раней.

17-га ліпеня група ўзброеных асоб захапіла будынак паліцыі ў Ерэване. Пры гэтым яны забілі паліцыянта і паранілі чатырох чалавек. Радыкалы запатрабавалі вызвалення каардынатара армянскай апазіцыйнай грамадзянскай ініцыятывы «Устаноўчы парламент» Жырайра Сефіляна, які знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачання ў незаконным набыцці і захоўванні зброі. Чальцы ўзброенай групы таксама патрабавалі адстаўкі прэзідэнта і ўраду, фармавання ўраду даверу.

У закладніках ў будынку паліцыі знаходзіліся чальцы брыгады «хуткай дапамогі». Сёння былі вызваленыя два апошнія медыкі, якіх утрымлівалі.

Акрамя таго, сёння двое захопнікаў здаліся паліцыі, яшчэ двое былі параненыя і адпраўленыя ў лякарню.

МЯ, паводле interfax.ru, tvrain.ru

Стужка навінаў