Заходнюю Еўропу «накрывае» грып. Як засцерагчыся ад хваробы?


Еўропа пакутуе на грып

У Старым Свеце лютуе адна з самых сур’ёзных эпідэміяў грыпу за апошнія гады. Лякарні перапоўненыя хворымі, а неўзабаве ахвярамі інфекцыі могуць стаць і беларусы.

У Францыі па дапамогу лекараў ужо звярнуліся амаль 800 тыс. чалавек з сімптомамі грыпу супраць 18 тыс. французаў, якія сталі ахвярамі грыпу ў 2015 годзе. Міністр аховы здароўя Францыі Марысоль Турэн звярнулася да лякарняў з прапановай перанесці некаторыя не тэрміновыя аперацыі, каб вызваліць месцы для хворых на грып.

У дваццаці медустановах Вялікай Брытаніі ўведзены «чорны» узровень небяспекі. Адкладзеныя аперацыі анкалагічных пацыентаў, зачыніўся адзін з радзільных дамоў. На мінулым тыдні каля 500 брытанцаў правялі больш за 12 гадзінаў на вазках, чакаючы на прыём.

Перагружанасць лякарняў таксама назіраецца ў Іспаніі, Грэцыі і іншых краінах Еўропы.

У Беларусі пакуль што ўсплеску эпідэміі не назіраецца

«Цяпер сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях спакойная, яна практычна капіюе тую сітуацыю, якая складваецца ў гэты перыяд на працягу многіх гадоў. У асноўным выяўляюцца вірусы негрыпознае этыялогіі: адэнавірусы, рынавірусы, рэспіраторна-сініцытальныя вірусы, парагрып. Характэрна для дадзенага перыяду і выяўленне спарадычных выпадкаў грыпозных вірусаў, у асноўным гэта вірус грыпу А (H3N2). Ёсць выпадкі выяўлення віруса грыпу В», –

паведаміла журналістам намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. Паводле яе за мінулы тыдзень, колькасць хворых на грып і ВРІ зменшылася ў чатырох абласцях. У Гомельскай вобласці яна засталася на ранейшым узроўні, а ў Брэсцкай трохі падрасла – на 2-3%.

Разам з тым Іна Карабан адзначыла, што пнеўманіі рэгіструюцца цягам усяго году. Гэтае захворванне можа быць выкліканае не толькі вірусам грыпу. Уздым захворвання на грып у Беларусі чакаецца напрыканцы студзеня – у пачатку лютага.

Як засцерагчыся ад інфекцыі?

Каб папярэдзіць захворванне або пазбегнуць ускладненняў, лекары раяць яшчэ да яго пачатку зрабіць прышчэпку і правільна харчавацца.

Спецыфічная прафілактыка – гэта, перш за ўсё, вакцынацыя. Гэта асноўны і найбольш эфектыўны метад прафілактыкі. Але і ён не гарантуе стоадсоткавую абарону ад грыпу.

Дзякуючы прышчэпцы, захворванне папярэджваецца яшчэ да яго пачатку ці працякае лёгка і без ускладненняў. Імунітэт да віруса захоўваецца ад 1,5 да 8-10 месяцаў.

Не дапамагае вакцынацыя і пры зʼяўленні новых разнавіднасцяў віруса грыпу, якіх, дарэчы, налічваецца ўжо больш за 2000. У склад прышчэпкі ўваходзіць толькі некалькі найбольш распаўсюджаных штамаў віруса мінулых гадоў. І не факт, што яны супадуць са штамамі, якія будуць цыркуляваць падчас будучай эпідэміі. Па дадзеных Цэнтру кантролю захворванняў ЗША, сярэдні працэнт супадзення штамаў за апошнія пяць сезонаў грыпу – усяго толькі 11,1 %. Пры гэтым сярэдняя адзнака эфектыўнасці прышчэпкі апускаецца да 7,2 %.

Да таго ж, у медыі ўжо не першы год паступаюць звесткі пра негатыўныя наступствы вакцынацыі. А калі ўлічыць яшчэ і той факт, што ў большасць вакцын дадаюцца ртуць, фармальдэгід, фенол, алюміній і іншыя высокатаксічныя рэчывы, разнастайныя антыбіётыкі і антыгрыбковыя сродкі, то прышчэпка ад грыпу не здаецца такой бяскрыўднай.

Інфекцыяністы лічаць, што прафілактыка ў перадгрыпозны перыяд, у першую чаргу, павінна быць накіраваная на ўзмацненне ахоўных сілаў арганізма. Павысіць імунітэт можна з дапамогаю:

  • заняткаў фізічнай культурай,
  • гартавання,
  • рацыянальнага харчаваннея (свежыя садавіна і гародніна, сокі, абавязкова 1 раз у дзень мяса ці рыба),
  • дастатковага адпачынку,
  • ужывання вітамінна-мінеральных комплексаў.

Найлепш інфекцыя распаўсюджваецца ў тэмпературы паветра ад -5 да +5. Падчас павышанага ўзроўню захворваемасці лекары раяць абмежаваць наведванне месцаў, дзе адначасова знаходзіцац шмат людзей ды часцей мыць рукі з мылам.

Ужыванне немедыкаментозных метадаў будзе эфектыўнае, калі чалавек карыстаецца імі рэгулярна, вядзе актыўны і здаровы лад жыцця.

ВД, паводле belta.by, 10gp.by, firnm.ru

Глядзі таксама
Каментары