Заходнерасізм і шоу абсурду


Як аматары «расейскага свету» ў Менску прызнаваліся ў любові да бацькі польскага шавінізму Дмоўскага.

Недзе 150 год таму на беларускіх землях у адказ на польскае культурнае дамінаванне ўзнік заходнерусізмнакірунак грамадска-палітычнай думкі, які падкрэсліваў культурна-гістарычную прыналежнасць Беларусі («Заходняй Русі») да ўсходнеславянскага і праваслаўнага сусветаў.

Пры гэтым многія заходнерусісты XIX ст. бачылі ўсё ж беларускія асаблівасці ў культуры і традыцыях ды часам падкрэслівалі іх, крытыкуючы механічнасць расейскай палітыкі асіміляцыі. Такім чынам некаторыя моладзевыя гурткі гэтага быццам б цалкам лаяльнага да Расейскай імперыі накірунку рабіліся інтэлектуальнымі калыскамі для дзеячаў нованароджанага беларускага нацыяналізму.

Аднак неазаходнерусізм, які ўзнік у незалежнай Беларусі і спрабуе прысабечыць імя і спадчыну пазамінулага стагоддзя, цалкам пазбаўлены нават вонкавага жадання казаць пра Беларусь, як пра нешта адрознае ад Расеі, як нешта што мае самастойную вартасць.

«Увогуле, праблема заходнерусізму сёння менавіта ў тым, што незалежная беларуская дзяржава – з самага пачатку чужы для нас праект… Нам прыходзіцца адаптавацца да фармату, да якога мы ставімся непрыхільна, які ўзнік з падачы варожых нам сіл», – казаў адзін з сучасных заходнерусістаў Усевалад Шымаў, часты госць ток-шоў «Пазіцыя» на АНТ.

«Вялікая смута (а гэта перманентны духоўны, сацыяльны, палітычны і эканамічны крызіс ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах) будзе пераадолены толькі пасля ўз’яднання Гістарычнай Расеі», – адказвае кіраўнік неазаходнерусістаў Ігар Зелянкоўскі, адмаўляючы Беларусі і беларусам у здольнасці існаваць самастойна.

Здаецца, такую ідэалогію прыніжэння Беларусі і прапаганду непаўнацэннасці, няздольнасці беларускага народа да самастойнага дзяржаўнага жыцця было б больш лагічна называць заходнерасізмам.

Прыкладна месяц таму ў Менску адбылася чарговая канферэнцыя, арганізаваная прыхільнікамі «расейскага свету» у Беларусі. Былі запрошаныя 9 вучоных (з іх 4 – з Расеі), якія прачыталі нядоўгія даклады ў асноўным на тэмы, якія датычыліся Паўстання 1863 году, Расейска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, Першай і Другой сусветных войнаў.

Канешне, аўтар не прысутнічаў на канферэнцыі, таму не можа сказаць пра тое, што гучала па-за выкладзенымі ў інтэрнэт відэазапісамі, аднак трэба прызнаць, што, мяркуючы па відэа, з расейскага боку прысутнічалі вучоныя, якія не праявілі празмернай ідэалагічнай ангажаванасці і ў цэлым заставаліся ў межах фактаў і карэктнай акадэмічнай дыскусіі.

З боку мясцовых заходнерасістаў імкнення да акадэмічнасці і звычайнай логікі было заўважна меней, відаць з той прычыны, што было больш жадання выкарыстаць гісторыю як сродак ва ўнутрыбеларускіх палітыка-культурных дыскусіях.

Было заўважна, што мясцовыя аматары «уз’яднання Гістарычнай Расеі», адчуваючы сваю правінцыйнасць і схіляючыся перад «старэйшым братам», нават крытыкаваць дзеянні Масквы 150-гадовай даўніны мелі менш адвагі, чым іхныя расейскія госці.

Галоўнай ідэяй менскіх неазаходнерусістаў, такіх як А.Ю. Бендзін і А.Д. Гронскі, было давесці гасцям «ісціны» аб спрадвечна прамаскоўскіх і праманархічных настроях галоўнай масы беларускага насельніцтва – сялянаў. Першы намагаўся гэта давесці на матар’яле Паўстання 1863-1864 гадоў, другі – на матар’яле рэвалюцыі 1905 года. Але, улічваючы гістарычныя рэаліі, давялі яны нешта іншае.

Цытуючы абяцанні беларускіх сялянаў быць адданымі Расеі і цару (часта напісаныя надзіва несялянскай мовай, на што звярталі ўвагу самі расейскія чыноўнікі), спадар Бендзін спрабаваў аргументаваць з’яўленне «нізавога расейскага патрыятызму сярод асноўнай рускай, то бок праваслаўнай, масы насельніцтва СЗК, гэта быў манархічна матываваны патрыятызм прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў».

«Нізавы расейскі патрыятызм» і святы для неазаходнерусістаў віленскі губернатар Мураўёў – вось хто, пааводле меркавання супрацоўніка Інстытута тэалогіі БДУ, перамог «польскі мяцеж» 1863-64гг у «Паўночна-Заходнім краі».

Аднак з выступлення расейскага гісторыка Айрапетава на гэтай ж канферэнцыі вынікае, што польскае сялянства, а часта і шляхта, вялі сябе такім ж чынам! І гэта не выклікала ніякай дыскусіі сярод сабраных!

«Прыходзіцца прызнаваць той факт, што польскае паўстанне 1863-864 гадоў было задушанае найперш дзякуючы пазіцыі польскага сялянства. Пасля рэформы яно стала масава, не менш энергічна, чым беларускае ці маларасейскае, адлоўліваць польскіх шляхцічаў з лясоў і цягнуць іх да прадстаўнікоў улады», – адзначае Айрапетаў.

Ён таксама прывёў у якасці красамоўнага прыклада рэакцыю афіцэраў расейскай арміі польскага паходжання на дазвол імператара Аляксандра ІІ не ўдзельнічаць у змаганні з паўстаннем.

«Былі выпадкі, калі людзі рэагавалі на гэта такім чынам, што »калі нам не давяраюць, то мы сыходзім у адстаўку, а калі давяраюць, то мы будзем дзейнічаць абсалютна такім жа чынам, як у любых іншых выпадках«», – распавёў Айрапетаў.

Такім чынам, калі, згодна з логікай заходнерусістаў, лічыць, што малы ўдзел беларускіх сялянаў у паўстанні сведчыць пра іхную «праваслаўна-расейскую» сутнасць, атрымліваецца, што і польскія сяляне такія ж? Напэўна толькі самыя безаглядныя сучасныя аматары пагражаць танкамі суседнім краінам пагодзяцца з такой заявай і будуць заклікаць вызваліць «нашых славянскіх братоў» з-пад прыгнёту Папы Рымскага і Паўночна-Атлантычнага блока.

Дзіўным чынам у людзей, якія лічаць сябе гісторыкамі, не з’явілася нават думкі пра тое, што падобныя паводзіны беларускіх і польскіх сялян выкліканыя найперш эканамічна-сацыянальнымі прычынамі, канфліктнымі адносінамі паміж сялянамі і шляхтай, а таксама расейскай прапагандай пра тое, што «паны паўсталі, каб вярнуць прыгон». Яшчэ больш характэрна і цікава ўжо для нас, беларусаў, што ў якасці «правільнага», прыхільнага Расеі польскага палітычнага дзеяча, удзельнікі канферэнцыі згадалі Рамана Дмоўскага, прыхільніка татальнай паланізацыі Заходняй Беларусі і антысеміта.

Цудоўны і «шматабяцальны» для Беларусі мог бы быць альянс шавіністаў з Усходу і Захаду!

Ужо не здзіўляе, што неазаходнерусісты не бачаць, як адныя іхныя словы праз 10 хвілін абвяргаюцца іншымі словамі. Ідэалогія тут куды важней за навуковую праўду. Яны не чуюць, наколькі самавыкравальна для іх гучыць аповед пра планы германізацыі чэхаў на гэтай ж канферэнцыі: «Агульная канцэпцыя асіміляцыі чэхаў прадугледжвала спачатку іхную палітычную асіміляцыю на аснове імперскай ідэі, якая мусіла замяніць ідэю чэшскай дзяржаўнасці і нацыянальнай самасвядомасці чэхаў, а потым на другім этапе планавалася паступовая германізацыя шляхам скарачэння адукацыі на роднай мове, пашырэння нямецкай мовы, частковага перасялення ў Нямеччыну і ліквідацыі нацыянальнай чэшскай інтэлігенцыі».

Імперская ідэя мусіць замяніць ідэю нацыянальнай дзяржаўнасці, асіміляцыя праз скарачэнне адукацыі на роднай мове, вайна супраць нацыянальнай інтэлігенцыі – нешта нагадвае, так?

Чым прынцыпова сродкі вайны гэтых заходнерасістаў супраць беларускага народу адрозніваюцца ад нацысцкіх?

Наступствы дзейнасці Мураўёва бачныя ў Беларусі дагэтуль – з радасцю і ўдзячнасцю губернатару-вешальніку выказаліся адразу некалькі ўдзельнікаў канферэнцыі. Вымушаны з гэтай думкай пагадзіцца – сапраўды, пакуль такія абсурдныя і антыбеларускія мерапрыемствы адбываюцца ў нашай краіне, раны нашай зямлі яшчэ баляць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў