Заход «Світанку»: Як знішчалі найлепшы калгас Беларусі


Ці можна за дваццаць гадоў знішчыць адзін з найлепшых калгасаў у краіне? Ператварыць у разваліны прадпрыемствы і жылыя дамы? Бізнес па-беларуску паказвае вялікія дасягненні ў гэтым кірунку.

Яшчэ напрыканцы 90-ых калгас «Світанак», што на Магілёўшчыне, быў адным з найлепшых у краіне. Меў свае прадпрыемствы – каўбасны і малочны цэхі, кансервавы завод, уласную лабараторыю ды нават сваю базу адпачынку ў Анапе. Кіраваў гаспадаркаю Васіль Старавойтаў.

«Мы ні ў чым не малі патрэбы. У нас быў свой уласны банк. Мы не залежалі ад дзяржавы.

Аднак, не зважаючы на дасягненні, увосень 1997-га Старавойтава адхілілі ад працы ды арыштавалі, абвінаваціўшы ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, хабары ды нават арганізацыі забойства кіраўніка Магілёўскага камітэту дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага», – распавядае працаўнік СВК «Світанак» Пётр Фамін.

«Гэта ж Старавойтаў пабудаваў усё. Дамы, кватэры даў людзям. Гэта ўсё зрабіў Старавойтаў. Ён харошы чалавек быў. Ну яго абылгалі, пасадзілі», – выказваецца яшчэ адзін былы супрацоўнік «Світанку» Іван Бяляцкі.

Праваабарончая і грамадская супольнасць Беларусі наўпрост звязала арышт Старавойтава з ягонаю публічнаю крытыкаю Лукашэнкі ў часе і пасля выбараў 94-га года. У 1999-ым ужо былога кіраўніка калгасу асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Былы калгас, а цяпер сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Світанак» зазнае цяжкія часы: працы няма, заробкі малыя. Людзі зʼязджаюць падпрацоўваць як у іншыя гарады Беларусі, гэтак і ў Расею.

Жыхары «Світанку» скардзяцца на адсутнасць працы і нізкія заробкі.

«Цяжка стала ўсім людзям. Работы няма, нізкія заробкі. У прынцыпе так, маленькі заробак. Параўнаем, што абяцаюць прэзідэнт і ўсе астатнія, што, як быццам, 500 долараў. Якія там 500 долараў? Смешна!»

«Раней у калгасе было дзве тысячы працаўнікоў, а цяпер шэсцьсот. Пра што тут можна гаварыць?»

«Мой сын тут працаваў, цяпер працуе дальнабойнікам. Два мільёны атрымоўваць заробку, ну што гэта? Пенсіянер два атрымоўвае. А ён кожны дзень працуе і атрымаць два мільёны, таксама ж нявыгадна».

Паводле мясцовых, калгас пачаў распадацца пасля прызначэння новага кіраўніцтва. Валерый Іваноў амаль адразу пайшоў на павышэнне. А падчас кіравання Аляксандра Шаплыкі прыпынілі дзейнасць шэрагу перапрацоўчых і дапаможных прадпрыемстваў. Адмыслоўцы звольніліся, а льготы забралі.

«За сваё жыццё Старавойтаў шмат атрымоўваў прапаноў і напэўна мог бы працаваць і ў Маскве і ў Менску. Але ён застаўся верны вёсцы, «Рассвету» і паклаў шмат сілаў і сродкаў для таго, каб тут быць. А потым прыходзілі Іваноў, Пятроў, Сідараў. Два гады, тры гады. Яны што зацікаўленыя былі, каб тут усё развівалася, заставалася? Дзякуй Богу, пабыў і кудысьці на падвышэнне, пабыў і кудысьці на падвышэнне», – кажа жыхарка «Світанку» Настасся Таранавец.

І гэтая праблема датычыць не толькі кааператыву «Світанак». Праз малыя заробкі ці ўвогуле адсутнасць працы беларускія вёскі выміраюць. Паводле статыстыкі, тры чацвёртыя беларусаў жывуць у гарадах. Штогод ўсё больш вяскоўцаў вымушаныя зʼязджаць з родных мясцінаў у пошуках працы.

Наталля Крывашэй belsat.eu

Стужка навінаў