«Захад-2017» падмачыў імідж Беларусі


Абарона перад агрэсіўнай Вейшнорыяй, абмежаваны – каля 3000 – кантынгент расейскіх войскаў і… вось збольшага ўсё, што мы ведаем пра сумесныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017». На Захадзе ж геаграфічным выклікае непакой ня толькі цьмяны сцэнар манеўраў, але і іхны рэальны маштаб. Яно і ня дзіўна, калі ў першы дзень вучэнняў краіны-ўдзельніцы згубілі цэлую танкавую армію.

У абарону Беларусі ад агрэсіі баевікоў з умоўных ВесбарыіЛубеніі, ды Вейшнорыі ў першы ж дзень сумесных вучэнняў рушылі падраздзяленні расейскай першай гвардзейскай танкавай арміі, што размеркаваная ў Падмаскоўі. Беларускае ж міністэрства абароны неадкладна зняпраўдзіла заяву сваіх расейскіх калегаў. Як так атрымліваецца, што самыя хаўруснікі ня ведаюць дакладна – колькі войскаў бярэ ўдзел у вучэннях?

«Канешне, колькасць можа быць і большая, бо на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі могуць праводзіцца іншыя вучэнні пад час двухбаковых вучэнняў «Захад-2017». І раней такое практыкавалася ў 2009 і 2013 годзе», – кажа старэйшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў.

Раптоўна і, што важна, не парушаючы Венскага дакументу аб захадах даверу і бяспекі, павялічыць маштаб вучэнняў вельмі проста. У адрозненне ад беларуска-расейскіх вучэнняў, пра якія вядома было за некалькі год, нечаканыя праверкі боегатовасці войскаў не патрабуюць. Улічваючы, што такі манеўр Масква здзяйсняе ня першы раз, ня дзіва, што заходнія краіны занепакоеныя.

«Агрэсіўнасць суседа – Расеі – нас непакоіць. Але ў гэтым кантэксце мы думаем, што і іншыя краіны НАТО ўжо зразумелі, што з Расеяй, яе агрэсія трэба змагацца ня толькі словамі», – мяркуе Арвідас Анушаўскас з літоўскага парламенцкага Камітэту па Нацыянальнай бяспецы і абароне

Краіны НАТО заяўляюць, што гатовыя да любога сцэнару, бо альянс чакае куды большага размаху ад гэтых манеўраў. Традыцыя большых вучэнняў, чымся было заяўляецца афіцыйна выводзіцца яшчэ з савецкіх часоў.

«Ну, дзесьці адпавядаюць [вучэнні «Захад-2017» – заўв. «Белсат»] вучэнням «Захад-81», ці манеўрам «Дзвіна», якія ў 80-ыя гады вяліся. І таксама там былі манеўры з выкарыстаннем ядравай зброі. Але гэта ўсё на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Таму гэта, як кажуць – пад інфармацыйным прыкрыццём «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі, будуць праводзіцца вучэнні і на тэрыторыі расейскай Федэрацыі», – разважае палкоўнік у адстаўцы Лявон Спаткай.

Цэлы шэраг заходніх і ўкраінскіх вайсковых чыноўнікаў мяркуе, што вучэнні будуць несці наступальны, а не абарончы характар, лічба ўдзельнікаў сягне нават 100 000 чалавек, а сцэнар вучэнняў будзе прадугледжваць выкарыстанне ядравай зброі. Праўда, адмыслоўцы супакойваюць – вучыцца ўжываць ядравую зброю будуць не на беларускай зямлі

«Што тычацца тых вучэнняў, якія адначасова праводзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ад Белага да Чорнага мора – там выкарыстоўваецца тактычная ядравая зброя, тым больш, што цяперашняя расейская вайсковая дактрына прадугледжвае яе выкарыстанне ў якасці прэвентыўнага вайсковага ўдару», – дадае палкоўнік Лявон Спаткай.

Такім чынам адначасова праводзяцца адразу двое вучэнняў – раптоўныя, наступальныя з большым размахам – на расейскай тэрыторыі і афіцыйныя ды ўмоўна адкрытыя, на тэрыторыі Беларусі. Чаму ўмоўна? Бо нягледзячы на ўсе заявы Аляксандра Лукашэнкі інфармацыя пра вучэнні падаецца ў выглядзе брыфінгаў без магчымасці нават задаць пытанне ваеннаму чыноўніку. Параўнайма з любымі вайсковымі гульнямі краінаў НАТО. Калі нават адкінуць усе змрочныя сцэнары, дзе расейскія жаўнеры застаюцца ў Беларусі, нашая краіна ўжо панесла страты.

«Канешне, для Беларусі гэтыя вучэнні зараз не выгадныя ў піараўскім і палітычным сэнсе – яны карысныя ў вайсковым сэнсе. Зараз на захадзе і ў нашых суседзяў – Балтыі, Украіне і Польшчы ёсць вялікі недавер да дзеянняў Расеі ўвогуле. І канешне, калі Беларусь праводзіць сумесныя вучэнні гэта адбіваецца негатыўным чынам і на нас», – канстатуе аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў.

Айчынная дыпламатыя апошнімі гадамі здолела выпрацаваць для афіцыйнага Менску імідж перамоўнае пляцоўкі, дзе нягледзячы на хаўрус Беларусі з Крамлём, можна намагацца прыпыніць расейскую агрэсію на Усходзе Украіны. Ці застанецца штосьці з гэтага вобразу пасля вучэнняў, залежыць ужо выключна ад вайсковых амбіцыяў Масквы.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Іншыя сюжэты глядзіце ў найноўшым выданні тэлечасопісу «ПраСвет»

Стужка навінаў