Зацішша на валютным рынку. Ці надоўга?


Кошт беларускай стабільнасці можа быць непрадказальным. Эканамісты разважаюць, як будзе развівацца эканоміка Беларусі.

Пасля ўчорашняга рэкорду, калі долар перавысіў на біржы 17 800 рублёў, на сённяшніх гандляваннях амерыканская валюта крыху патаннела, затое падаражэў еўра ды перавысіў адзнаку 20 000 рублёў.

Эксперты мяркуюць, што ў верасні курс беларускага рубля будзе стабільнейшы, чым у жніўні, калі «зайчык» страціў 15 % сваёй вартасці. Той віток дэвальвацыі адмыслоўцы тлумачаць тым, што беларусы актыўна пераводзілі рублёвыя дэпазіты ў цвёрдую валюту. У банках заяўляюць, што ў першай дэкадзе верасня сітуацыя змянілася да лепшага.

«Усе, хто жадаў перайсці з рублёў у валюту ўжо гэта зрабілі, таму можна чакаць зніжэння ціску на беларускі рубель і суадносна большай стабільнасці з валютнымі курсамі«, – заўважае фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Аднак прагнозы замежных экспертаў не такія аптымістычныя. У Еўразійскім банку развіцця заявілі, што стабілізацыя курсу адбываецца за кошт рэзерваў Нацыянальнага банку. А гэта можа балюча ўдарыць па эканоміцы краіны.

«Падтрыманне адноснай стабільнасці курсу беларускага рубля прывяло да аднаўлення небяспечнага трэнду, у межах якога рэзервы Нацбанку знізіліся з больш як $ 8 млрд у 2013-м, да $ 4,6 млрд на цяперашні момант»., – адзначаюць у Еўразійскім банку развіцця.

Акурат цяпер надышоў час выплатаў вонкавых пазык, і гэта таксама не спрыяе назапашванню золатавалютных рэзерваў. Аднак айчынныя адмыслоўцы заспакойваюць.

«Зараз улады разлічваюць атрымаюць новыя крэдыты, магчыма, ад ЕўрАзЭС, магчыма, ад МВФ, і падзенне золата-валютных рэзерваў ужо да зусім нізкай велічыні, якая пагражала б эканамічнай бяспецы, я не чакаю», – кажа фінансавы аналітыка Вадзім Іосуб.

Аднак калі такіх пазык Беларусь не атрымае, то, паводле раней распаўсюджанага прагнозу аналітыкаў «Raiffesien-Bank», золатавалютныя рэзервы нашай краіны да канца 2015 года могуць зменшыцца нават да $ 2,8 млрд.

Настасся Храловіч

Глядзі таксама
Каментары