«Зачыстка» да «Славянскага базару»? У Віцебску затрымлівалі актывіста Барыса Хамайду


Віцебскага грамадскага актывіста Барыса Хамайду затрымалі і завезлі ў міліцэйскі пастарунак за тое, што ён стаяў ля крамы з бел-чырвона-белай сімволікай.

20 чэрвеня Барыс Хамайда прыйшоў да дому № 28 па вуліцы Леніна і пабачыў, што металічныя парэнчы пры ўваходзе ў краму «Веста» былі зрэзаныя. Менавіта тут Хамайда стаіць штодзень, акрамя выходных, а на парэнчы звычайна развешвае бчб-сцяжкі, стужкі, незалежную прэсу.

Паводле словаў Хамайды, 19 чэрвеня, як толькі ён расклаў свае рэчы, яго пачалі здымаць на камеру людзі ў цывільным. Спачатку актывіст не звярнуў на гэта ўвагі, бо з ім часта фатаграфуюцца мінакі.

Барыс Хамайда

«Прыкладна праз хвілін дзесяць мяне затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў РАУС. У аддзеле пратрымалі амаль дзве гадзіны, а потым адпусцілі. Прычыну затрымання міліцыянты патлумачылі хуткім набліжэннем «Славянскага базару» і нейкай «зачысткай у горадзе» да гэтага мерапрыемства», – распавёў Барыс Хамайда.

У пастарунку актывіст адмовіўся даваць тлумачэнні і падпісваць паперы. Перад тым, як адпусціць з аддзялення, Хамайдзе сказалі, што яго яшчэ выклічуць альбо позвай, альбо па тэлефоне. Ён мяркуе, міліцыя склала пратакол, але за што канкрэтна – невядома.

Хамайда ўпэўнены, што парэнчы ля крамы зрэзалі, бо ён штодня стаяў ля іх з бел-чырвона-белай сімволікай.

«Яны змагаюцца са мной. Гэта бязглуздзіца. Яны думаюць, што я не знайду, куды прычапіць свае рэчы. Кажуць, без дазволу стаяць нельга. Але ж я ўжо 22-гі год без дазволу тут стаю», – кажа ён.

Таксама ён сцвярджае, што міліцыянта запрапанавалі яму больш не з’яўляцца на сваім звычайным месцы.

«Я тут буду стаяць, нават калі камяні будуць сыпацца. Толькі Гасподзь Бог мяне можа з гэтага месца прыбраць, дапусціўшы хваробу альбо смерць», – так адказаў міліцыянтам Хамайда на прапанову не з’яўляцца больш ля крамы.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў