Зачыненыя крамы і рэстарацыі. Полькі абвесцілі «Чорны панядзелак»


Жанчыны пратэстуюць супраць ініцыятывы аб поўнай забароне абортаў. Удзельніцы ўсеагульнага страйку вырашылі не выходзіць на працу ды не ісці на заняткі, а таксама ўстрымацца ад выканання хатніх абавязкаў.

«Чорны панядзелак» – кампанія, якая пачалася ў інтэрнэце, як рэакцыя на праект увядзення поўнай забароны на аборты і крымінальнай адказнасці да пяці гадоў пазбаўлення волі для жанчын і дактароў, якія вырашацца на выкананне аперацыі. Законапраект цяпер знаходзіцца на разглядзе ў профільным парламенцкім камітэце.

Многія крамы і рэстарацыі не працуюць, розныя арганізацыі зрабілі дні адчыненых дзвярэй: плануецца сумеснае прыгатаванне ежы, чытанне кніг, адкрытыя трэніроўкі. Акцыю падтрымалі мужчыны.

Пратэстоўцы збіраюць подпісы за адстаўку парламенту.

Сёння ў Польшчы жанчына можа легальна зрабіць аборт, толькі калі цяжарнасць пагражае яе жыццю, калі дзіця было зачатае ў выніку згвалтавання або інцэсту, або калі цяжарнасць працякае з моцнымі адхіленнямі.

Колькасць нелегальных абортаў у Польшчы складае ад 10 да 150 тысяч выпадкаў у год, у той час як колькасць легальных выпадкаў перапынення цяжарнасці вагаецца ад 1000 да 2000 у год.

У Беларусі за 2015 год зроблена 29 217 абортаў. 13 абортаў зрабілі дзяўчаты да 15 гадоў і 1 362 аборта ад 15 да 19 гадоў. У 2015 годзе на сто родаў у нас прыпадала 24,7 аборта. На сёння ў нашай краіне легальна і без падання прычыны жанчына можа спыніць цяжарнасць у тэрміне да 12 тыдняў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў