Забраць дзіця за... «злоўжыванне бацькоўскімі правамі»


Да сям’і Міронавых аднойчы гучна пагрукаліся ў дзверы. Адмовіўшыся адчыняць незнаёмым людзям, Таццяна выклікала міліцыю. А праз паўгадзіны яна бегла па двары за блакітнай «Газеллю», у якой чужыя людзі вывозілі ейную дачку Эльвіру ў невядомым напрамку. Як высветлілася пазней, у прытулак. Belsat.eu наведаўся да бацькоў, у якіх гвалтам пасярод белага дня забралі дзіця.

«Мяне адштурхнулі ўбок, у кватэру ўвайшлі восем асобаў. Яны не называлі сваіх імёнаў, не казалі, хто яны. Сталі хадзіць па кватэры, залезлі ў лядоўню, як у сябе ўдома, і казалі толькі адное: збірайце дзяўчынку, рэчы ці мы забярэм яе так, як ёсць», – распавядае Таццяна.

Мы мінаем з бацькамі Эльвіры менскую школу №212 па дарозе да іхнага дому. Але заходзім не праз парадны пад’езд, а праз чорны ўваход з іншага боку.  Бацькі кажуць, што яны цяпер толькі гэтак і робяць, бо суседзі пачынаюць перашэптвацца. Увесь двор бачыў 31 жніўня, як у Міронавых з міліцыяй забіралі дачку.

Школа №212 Фрунзенскага раёну, куды ў 2016-годзе Эльвіра Міронава пайшла ў першы клас

«Я трымаў яе на руках, яны сталі цягнуць яе. Я падумаў, што гэтак жа можна яе траўмаваць. І каб мы тут не біліся, я яе адпусціў», – распавядае бацька Эдуард.

«Мне нават не далі яе супакоіць. Я сабрала некаторыя рэчы, і мы разам выйшлі ў двор, трымаючыся за рукі. Тут стаяла блакітная «Газель». Мы дайшлі да гэтай машыны, мяне адштурхнулі ў бок, дачку кінулі ў салон, самі туды хутка паселі, а нам сказалі, што яе павязуць у нашую паліклініку быццам на агляд.  Калі я пабегла за машынай, то ўбачыла, што яны паехалі не ў паліклініку, а далей», – расказвае маці.

У выніку дзяўчынка апынулася ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну, а потым у прытулку.

«Знаходжанне непаўнагадовай Міронавай Эльвіры Эдуардаўны ў біялагічнай сям’і стварае пагрозу яе жыццю і здароўю», – напісана ў пастанове камісіі.

3 кастрычніка адбудзецца першае судовае паседжанне па абскарджанні пастановы камісіі ў справах непаўнагадовых, на падставе якой 8-гадовую Эльвіру Міронаву забралі ад бацькоў, а таксама разгляд пазову аб вяртанні дзіцяці ў сям’ю.

За што забралі Эльвіру

Таццяна Міронава, маці 8-гадовай Эльвіры

Таццяна акуратна раскладае лісты і дакументы на стале ў маленькай кухні шматпавярховіка. Сям’я толькі некалькі дзён таму знайшла адваката, каб адстойваць свае правы ў судзе.

Афіцыйная прычына, паводле якой забралі Эльвіру, – «злоўжыванне бацькоўскімі правамі».

На кухні ў сям’і Міронавых

У пастанове камісіі напісана, што становішча сям’і сацыяльна небяспечнае. Там жа напісана, што Міронавы прысутнічалі на паседжанні гэтай камісіі, але бацькі сцвярджаюць, што пабачылі пастанову толькі пасля таго, як Эльвіру забралі, у адміністрацыі Фрунзенскага раёну, у кабінеце намесніка старшыні ў справах непаўнагадовых Анжалікі Захарэўскай.

«Захарэўская сказала нам: пакуль вы не падпішаце пастанову, я не скажу вам, дзе вашае дзіця. Нам нічога не заставалася рабіць, я ўзяла гэтую пастанову, падпісала, што я яе атрымала. Толькі пасля гэтага яна сказала мне, што дзіця маё ўжо размеркаванае ў прытулак і будзе знаходзіцца там», – распавядае маці.

Маці паказвае лісты і дакументы

Паводле дакументаў і паседжання камісіі, і рашэнне, і рэалізацыя яго адбылося проста маланкава. 31 жніўня напярэдадні школьнай лінейкі ад дырэктаркі школы №217 Алены Падлубнай у адміністрацыю Фрунзенскага раёну прыйшоў ліст аб тым, што сям’я Міронавых знаходзіцца ў небяспечным становішчы і дзіця патрабуе дзяржаўнага нагляду. Ёсць таксама падобны ліст з датай 30 жніўня з паліклінікі, дзе дзяўчынка стаіць на ўліку. Паседжанне камісіі, якая пастанавіла забраць дзіця ў прытулак, адбылося раніцай 31 жніўня, а ўжо пасля абеду Эльвіра была ў прытулку.

Маці ў школу – за ёй міліцыя

Таццяна распавядае, што ў дзень, калі забралі Эльвіру, яны гулялі ў Індыю. На стале засталіся дэкарацыі і героі

У верасні 2016 году 7-гадовая Эльвіра пайшла ў першы клас 212-й школы ў Менску. У першы ж дзень маці першакласніцы заўважыла, што ў школе няма пітной вады, сядушак на ўнітазах, адсутнічае мыла ў прыбіральні. Яна звярнулася да адміністрацыі, на другі дзень прыйшла яшчэ раз. Ёй сказалі, што ў школы няма грошай на такую раскошу, як мыла, і што бацькі, калі хочуць, няхай усё купляюць самыя. Таццяна працягвала хадзіць да адміністрацыі і патрабаваць выправіць санітарныя ўмовы. Пасля аднаго з такіх візітаў на парозе школы яе сустрэў участковы міліцыянт.

«Мы гадзіну стаялі ў двары, і ён усе пытаўся, што я там казала, чаго я дамагаюся», – кажа маці.

Паводле дакументаў, у 2016 годзе Эльвіра была ў школе 8 дзён. Бацькі кажуць, што спачатку яны чакалі, пакуль выправяць санітарныя ўмовы, гэта зацягнулася да кастрычніка. Але маці ўсё роўна не была задаволеная і працягвала заходзіць у школу ледзь не кожны дзень.

Ральф, старэйшы сын Міронавых, у 2011 годзе скончыў 212-ю школу. Распавядае, што і ў яго не склаліся адносіны ні з дырэктарам, ні з аднакласнікамі

16 лістапада, калі Таццяна ізноў прыйшла ў школу, прадстаўнікі адміністрацыі выклікалі міліцыю. Жанчыну забралі ў пастарунак, дзе судзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі на 63 рублі.

Бацька Эдуард паказвае картонны палац у пакоі дачкі

«Мы вырашылі Эльвіру са школы забраць, бо супраць нас былі настроеныя ўжо ўсе: і бацькі, і адміністрацыя. Бацькі пільнавалі мяне, змушалі забраць дакументы Эльвіры, казалі, што мяне дзеці баяцца», – кажа Таццяна.

Міронавы пачалі шукаць іншую школу.

Новая школа

Школа №217 Фрунзенскага раёну

З адміністрацыяй школы №217 адносіны ў Міронавых не склаліся з самага пачатку. Як кажа маці, «яны проста не хацелі нас бачыць у сябе». Ім адмаўлялі прымаць дзяўчынку, а калі ўсё ж такі ўзялі, то не пакінулі выбару і вымусілі падпісаць заяву на індывідуальнае, хатняе навучанне.

«Гэта было ўжо напрыканцы красавіка, калі да канца навучальнага году заставалася менш за месяц. І некалькі тыдняў ад іх не было ніякіх звестак, нам не давалі заданняў, не цікавіліся, не тэлефанавалі. Яны павінны былі нам накіраваць план, падручнікі, аднак нічога не адбывалася зусім. Школа з намі не кантактавала, бачыць нас там не хацелі», – кажа Таццяна.

Ісці ў школу маці баялася. А 12 траўня яна атрымала sms-паведамленне з тэкстам пра тое, што парушае права свайго дзіцяці на атрыманне адукацыі:

«Я патэлефанавала па гэтым нумары, там адказаў мужчына, не назваўшы ні імя свайго, ні пасады, пачаў у грубай форме размаўляць са мной».

З сямейнага архіву Міронавых

Пасля таго, як  Эльвіра апынулася ў прытулку, маці выправілася ў школу, каб забраць дакументы і рэчы. А трапіла наўпрост за краты: «паказвала непрыстойныя жэсты», «размахвала рукамі». Яна правяла ноч у камеры ў спадніцы на бетоннай лаўцы без вады і ежы, а раніцай атрымала прысуд за дробнае хуліганства і штраф 230 рублёў.

«У судзе мы слухалі аудыёзапіс, які я вяла ўвесь час, пакуль была ў школе. Суддзя сядзела, апусціўшы вочы. Бо ў тую гадзіну і хвліну, калі дырэктарка і міліцыянты сведчылі, што я быццам крычала ў кабінеце, кідала паперы на стол і размахвала рукамі, добра чутно, што вакол ціха, мы сядзім у калідоры, а вакол бегаюць дзеці», – распавядае Таццяна.

З журналістамі школа не кантактуе

Дырэктарка школы №217 Алена Падлубная сказала, што ўсё, што расказалі журналістам Міронавы, «не адпавядае рэчаіснасці». У той жа час распавесці сваю версію рэчаіснасці дырэктарка адмовілася.

«Я даю справаздачы дзяржаўным органам у адпаведнасці з законам, а вам я нічога распавядаць не абавязаная», – заявіла Алена Падлубная.

Міронавы напісалі ў камітэт па адукацыі Менгравыканкаму зварот з просьбаю пасадзейнічаць і знайсці для Эльвіры іншую школу, бо навучанне ў 217-й для яе таксама непрымальнае. З камітэту прыйшоў станоўчы адказ, але дзеянні былі безввыніковымі. Чатыры школы, куды яны пісалі запыты, адмовіліся ўзяць Эльвіру Міронаву на навучанне.

«Ніхто не хоча ўлазіць у гэтую справу»

Трус, якога бацькі падаравалі Эльвіры на дзень народзінаў

У той жа дзень, калі Эльвіру забралі ў прытулак, а дырэктарка школы Алена Падлубная напісала зварот у адміністрацыю раёна, Міронавы атрымалі ад школы №217 запрашэнне на школьную лінейку і паведамленне аб тым, што дзяўчынку пакінулі на другі год у першым класе.

У школе пры прытулку Эльвіра аднак прайшла атэстацыю і яе перавялі ў другі клас.

«Усе раптам перасталі размаўляць з намі, а тыя сяброўкі, што былі ў Эльвіры, таксама не цікавяцца. Некаторыя з іх бачылі з дзіцячай пляцоўкі, як Эльвіру забіралі. Пасля гэтага ўсе сувязі абарваліся, ніхто з намі не размаўляе і я не магу нават падыйсці папрасіць дапамогі або падтрымкі ў іншых маці. Ніхто не хоча ўлазіць у гэтую справу, усе баяцца, што калі яны скажуць слова за нас, то з імі здарыцца тое ж самае», – кажа Таццяна Міронава.

Вераніка Уладзімірава, фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў