Забойцу Міхаіла Пішчэўскага зноў будуць судзіць


Судовую справу супраць Дзмітрыя Лукашэвіча адновяць «у сувязі з больш цяжкімі наступствамі, якія наступілі ў выглядзе смерці пацярпелага». Пра гэта паведаміла прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова.

«Расследаванне пачалося па нанова адкрытых акалічнасцях. Следства прызначыла і атрымала вынікі пасмяротнай судова-медыцынскай экспертызы, якая ўстанавіла, што смерць наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджанняў. Такім чынам устаноўлена прычынна-выніковая сувязь паміж дзеяннямі абвінавачанага і смерцю Пішчэўскага».

Упраўленне Следчага камітэту Цэнтральнага раёну Менску распачало крымінальную справу ў адносінах да Дзмітрыя Лукашэвіча. Артыкул – «прычыненне смерці па неасцярожнасці» (ч. 1 арт. 144 і ч. 1 арт. 339 КК). Папярэднія прысуды суда адмененыя. Пакаранне, якое ён адбыў раней, згодна з заканадаўствам, будзе залічана ў наступным.

Справу будуць разглядаць наноў, дакументы перадалі пракурору. Той, як чакаецца, адправіць яе ў суд. Лукашэвіч цяпер пад падпіскай пра нявыезд.

Дзмітрый Лукашэвіч напаў на Міхаіла Пішчэўскага на выхадзе з начнога клубу ўначы 25 мая 2014 года каля клубу ў Менску. Лукашэвіч, настаўнік фізкультуры, так моцна ўдарыў Міхаіла, што той упаў і ўдарыўся галавой аб бетон. Больш за год Міхаіл праляжаў у коме ў 5-м сталічным шпіталі. Падчас некалькіх аперацый хлопцу выдалілі 20 % мозгу. У кастрычніку летась 31-гадовы менчук памёр. На судзе было засведчана, што прычынай спрэчкі стала абраза Пішчэўскага паводле ягонай сексуальнай арыентацыі.

Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясенні траўмы і прысудзіў яму 2 гады і 8 месяцаў зняволення. 20 жніўня 2015-га ён выйшаў з калоніі па амністыі. За кратамі адбыў 11 месяцаў, пасля чаго яго вызвалілі па амністыі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў