Забойства дзяўчынкі ў Адэскай вобласці справакавала пагром ромаў


Забойства васьмігадовай дзяўчынкі ў сяле Лашчынаўка Адэскай вобласці Украіны выклікала масавыя закалоты.

27 жніўня жыхар Лашчынаўкі выявіў у адным з закінутых дамоў цела дзяўчынкі 2007 года нараджэння з відавочнымі прыкметамі гвалтоўнай смерці.

«Праваахоўнікі налічылі на целе забітай шматлікія пранікальныя нажавыя раненні, а таксама шматлікія кровападцёкі», – сказала крыніца ў Галоўным упраўленні Нацыяальнай паліцыі ў Адэскай вобласці.

Інфарматар таксама ўдакладніў, што дзяўчынка была з добрай сямʼі. Маці і айчым выявілі адсутнасць дзіцяці ноччу, калі вярнуліся дадому. Паліцыя распачала крымінальную вытворчасць паводле п.2 ч.2 арт.115 (забойства малалетняга дзіцяці) Крымінальнага кодэксу Украіны.

У паліцыі паведамілі, што праваахоўнікі і кінолагі выйшлі на след меркаванага забойцы – раней не судзімага 20-гадовага жыхара Лашчынаўкі. Ён затрыманы, дае паказанні. Як перадае Dumskaya.net, адразу пасля затрымання падазраванага ў сяле ўспыхнулі масавыя беспарадкі. Натоўп з трох сотняў з лішнім чалавек пачатку граміць дамы абшчыны ромаў, у якой жыў затрыманы. Іншыя чальцы абшчыны загадзя пакінулі Лашчынаўку. На нядзелю ў вёсцы запланаванае народнае веча, пасля якога магчымыя новыя ўспышкі гвалту.

МЯ, паводле unian.net, dumskaya.net

Стужка навінаў