Забіў сябе і параніў 12 асобаў: у Баварыі сірыец узарваў бомбу каля бару


Паліцыя працуе на месцы здарэння. Фота: Даніэль Карман ( Daniel Karmann) / EPA

Год таму ўцекач не атрымаў у Нямеччыне прытулку. Гэта трэцяе гучнае здарэнне за тыдзень у федэральнай зямлі на поўдні краіны.

Сірыец забіў сябе і параніў 12 чалавек пасля ўчыненага ім выбуху каля віннага бару ў нямецкім Ансбаху, недалёка ад пляцоўкі мясцовага музычнага фестывалю.

Улады кажуць, што 27-гадовы мужчына не атрымаў год таму прытулку і ўжо спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

«The Guardian» піша, што пакуль незразумела, ці мужчына планаваў забіць толькі сябе ці таксама іншых.

Сёння раніцай міністр унутраных справаў Баварыі Ёахім Херман (Joachim Herrmann) распавёў, што мужчына спрабаваў прайсці на Ансбахскі музычны фестываль, дзе бавіліся 2 тысячы чалавек.

Заплечнік сірыйца быў напоўнены металёвымі прыладам, якія «выкарыстоўваюцца ў дрэваапрацоўцы». Паводле Хермана, яны маглі забіць нашмат больш людзей. Адразу пасля выбуху людзі былі эвакуяваныя, а фестываль спынены.

Вінны бар «Eugens Weinstube», каля якога адбыўся выбух.
Вінны бар «Eugens Weinstube», каля якога адбыўся выбух.

Прэсавы сакратар ансбахскай пракуратуры Міхаэль Шротбэргер (Michael Schrotberger) кажа, што матывы тэрарыста пакуль незразумелыя.

«Ці ёсць тут сувязь з Ісламскай дзяржавай ці не – гэта толькі спекуляцыі», – кажа Шротбэргер.

У Ансбаху жыве 40 тысячаў чалавек, тут стаяць амерыканскія войскі звязаныя з нямецкай арміяй у межах НАТО. Горад знаходзіцца ў 140 км ад Мюнхену.

Выбух адбыўся ўсяго праз два дні пасля мюнхенскага тэракту, калі 18-гадовы стралок забіў дзевяць чалавек, і праз 7 дзён пасля нападу афганскага падлетка на пасажыраў цягніка ў Вюрцбургу. Тады чатыры асобы атрымалі цяжкія раненні.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары