Забіты ў Данецку «камандзір ДНР» аказаўся жыхаром Магілёва


Расейскія СМІ паведамілі пра забіццё «падпалкоўніка ДНР» Яўгена Конанава. У ім апазналі жыхара Магілёва, які паехаў ваяваць на ўсход Украіны ў траўні 2014 года.

Медыярэсурсы сепаратыстаў усхваляюць заслугі грамадзяніна Беларусі вельмі высока. Ён быў намеснікам камандзіра брыгады нейкай 100 мотастралковай брыгады.

«Кот (пазыўны Конанава) быў сапраўдным вайскоўцам, які прайшоў гарачыя кропкі на Паўночным Каўказе. І калі навісла пагроза існаванню рускага Данбасу, ён без усялякіх сумневаў устаў на яго абарону. Вечная памяць табе, верны сын свабоднага стэпу», – заявіў мясцовым журналістам нейкі Аляксандр Мацюшын, пазыўны «Вараг».

Сапраўды, Конанаў нават браў удзел у вайсковым парадзе, якія атрады сепаратыстаў зладзілі ў цэнтры Данецку, ішоў на чале калоны свайго батальёну. На здымку ён пасярэдзіне.

Пра тое, што Яўген Конанаў прыехаў на Данбас практычна ў самым пачатку баявых дзеянняў, сведчаць і здымкі, якія ён час ад часу выкладваў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».

Любіў фатаграфавацца побач з дарагімі іншамаркамі са зброяй.

У «Аднакласніках» карыстаўся нікнэймам «111111111», апошні раз заходзіў на сваю старонку 10 студзеня, сярод сяброў у яго шмат магілёўцаў.

У Магілёве сярод сяброў Конанаў меў мянушку Коша. Рос з маці, якая ў 1990-х была камерцыйным дырэктарам на Рэгенератарным заводзе. Жылі ў цэнтры, насупраць гасцініцы «Магілёў».

Пасля службы ў дэсанце ў Марʼінай Горцы вярнуўся дамоў, але на грамадзянцы жыццё не вельмі ўдалося. Яўген Конанаў рана ажаніўся, у Магілёве ў яго засталіся 2 дачкі.

Па непацверджаных звестках, Конанава судзілі ў Магілёве за разбой.

Пасля судовага пакарання Конанаў паехаў у Маскву зарабляць на будоўлі. Там таксама кагосьці абрабаваў. Яго пазбавілі волі ўжо ў Расеі, але нейкім дзіўным чынам ён апынуўся ў Данецку.

Тут ён сустрэў жанчыну і завёў новую сямʼю. У жніўні ў Яўгена Конанава нарадзіўся сын. У Магілёў вяртацца, відаць, ужо не збіраўся. Загінуў ад кулі снайпера. Выглядае на тое, што смерць Конанава звязаная з разборкамі сярод баевікоў. Былы магілёвец з крымінальнымі «заслугамі» біяграфіяй будзе пахаваны недзе пад Данецкам.

НМ, belsat.eu, паводле «Беларускі партызан»

Стужка навінаў