Забітага на Майдане беларуса пасмяротна ўзнагародзіў Кіеўскі патрыярх


«За ахвярнасць і любоў да Украіны». Кіраўнік Кіеўскага патрыярхату Украінскай праваслаўнай царквы ўзнагародзіў медалём забітага летась на Майдане беларуса Міхася Жызнеўскага. Высокую царкоўную ўзнагароду атрымалі ўсе 110 Герояў Нябеснае сотні. Адзначэнні прынялі іхныя бацькі і сваякі ў Міхайлаўскім саборы ў Кіеве.

А перад гэтым у той жа царкве прайшла паніхіда па забітых на Майдане змагароў за свабоду. Менавіта адсюль у апошні шлях дадому ў Беларусь праводзілі Міхася Жызнеўскага. Той, каго Украіна лічыць сваім героем, у сябе на радзіме шмат для каго стаўся ворагам. Бацькі хлопца скардзяцца на шматлікія пагрозы ды знявагі ў свой бок. Яны прыкладаюць намаганні, каб спыніць увесь бруд, які льецца ў Беларусі на іх ды іхнага сына.

НІНА ЖЫЗНЕЎСКАЯ, МАЦІ ГЕРОЯ НЯБЕСНАЙ СОТНІ:

«Міша загінуў за мір і свабоду Украіны, ён аддаў сваё жыццё».

Летась у лістападзе Міхася Жызнеўскага ўзнагародзілі ордэнам Герояў Нябеснае сотні. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Тады ж кіраўнік украінскай дзяржавы паабяцаў прысвоіць Міхасю і званне Героя Украіны. Такі крок у дачыненні ўсіх забітых на Майдане за свабоду Украіны грамадзянаў іншых дзяржаваў мог бы значна дапамагчы іхным сем’ям.

ПЯТРО СІНЕНКА, ПРАДСТАЎНІК СЯМ’І НЯБЕСНАЙ СОТНІ:

«Цяпер цягам месяца можна прысвоіць героям нашым першае – гэта грамадзянства, даць кожнаму грамадзянства Украіны. Яны гэта заслужылі, а тады ўжо аўтаматычна ім прысвойваецца званне Героя Украіны. Я лічу, яшчэ раз прашу, Пятро Аляксеевіч, мы вас вельмі паважаем, пачуйце нас. Мы вас вельмі ўсе просім. Героі мусяць быць героямі».

А пакуль на радзіме Міхася Жызнеўскага неабыякавыя беларусы літаральна змагаюцца за ўшанаванне памяці Героя Нябеснае сотні. На магіле Міхася Жызнеўскага непадалёк Гомля ўсталявалі помнік.

КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ, КААРДЫНАТАР УСТАЛЯВАННЯ ПОМНІКА:

«Зрабіць гэты помнік – гэта наш святы абавязак. Калі б мы беларусы не маглі зрабіць свайму адзінаму герою гэтага стагоддзя, хіба б мы былі народам ці маглі б звацца людзьмі?»

Помнік зрабілі на ахвяраванні людзей з Беларусі, ЗША, Аўстраліі ды шмат якіх іншых краінаў. Аўтарам праекту стаў скульптар Аляксандр Шатэрнік.

ВОЛЬГА МІКАЛАЙЧЫК, КААРДЫНАТАРКА ЗБОРУ СРОДКАЎ:

«У беларусаў ёсць куды сёння прыйсці – да героя. Беларусам у XXI стагоддзі Бог паслаў героя Міхася Жызнеўскага, каб людзі ведалі куды ісці, за якой ідэяй, за ідэяй самаахвярнасці, памяці. Вельмі добра, што ёсць помнік і да яго сцежка».

Афіцыйнае адкрыццё помніку – ужо ў аўторак на могілках у вёсцы Сцяг Працы непадалёк Гомля.

БЯ, belsat.eu

Стужка навінаў