Александр Федута Забілі жаўнера антыімперскага фронту

паліткансультант

Забілі расейскага ваеннага журналіста Аркадзя Бабчанку.

Забілі ў Кіеве.

Забілі ў кватэры. Жонка была ў ваннай, пачула воплескі, выбегла. Але тых, хто страляў Аркадзю ў спіну, ужо не было.

Гэтую смерць не спішаш на ўкраінскія ўлады. Калі Павел Шарамет прынамсі пісаў пра ўнутраную расейскую палітыку, то Бабчанка пісаў толькі пра вайну. Спачатку пра Чачэнскую, потым пра Грузінскую, потым пра Данбаскую. Спачатку як ваенны карэспандэнт «Маскоўскага камсамольца», потым – як фрылансер, свабодны журналіст.

Яму быў сорак адзін год. Ён быў мужыком і не саромеўся ў выразах. Маскву ён пакінуў таму, што яму пачалі пагражаць.

Я не ведаю імя таго, хто націснуў курок. Але імя заказчыка – Імперыя. Аркадзь Бабчанка, які не саромеўся ў выразах, які ведаў пра вайну калі не ўсё, то шмат чаго, быў адным з жаўнераў адзінага антыімперскага фронту. Іншых прычынаў забіваць яго проста не было. Прафесійная дзейнасць.

Не сумняюся ў тым, што забойцаў не знойдуць. Чарговы шэф паліцыі прамовіць гучныя словы пра тое, што раскрыццё злачынства – справа ягонага гонару. Выкажуць занепакоенасць дзве-тры міжнародныя арганізацыі. Прэзідэнт Парашэнка жалобным голасам прамовіць дзяжурныя словы спачування, прыкрываючы вочы цяжкімі павекамі. Але забойцаў не знойдуць. І не следства будзе ў гэтым вінаватае. Следства – пошук слядоў. Баюся, гэтыя забойцы сапраўдных слядоў не пакінулі.

Цяжка лавіць за руку Імперыю.

Я памятаю рэпартажы Бабчанкі. Я памятаю ягоныя адчайныя тэксты ў сацыяльных сетках. Я памятаю яго адчайны выраз твару: чаму быць, таго не абмінуць…

Цяпер яго няма. Месца яго ў адзіным антыімперскім фронце апусцела. Вакансія, калегі! Хто зойме?!

Ніхто.

Магчыма, няма незаменных. Але ёсць проста тыя, каго іншым не хапае адвагі замяніць.

Эх, Аркадзь Аркадзьевіч, мне падаецца, я здагадваюся, пра што ты шкадаваў, паміраючы. Пра тое, што ты ніколі не даведаешся дакладна, чым уся гэтая вайна скончыцца. Хоць менавіта ў цябе было маральнае права дажыць да яе канца.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары