Як знайсці сабе працу ў інтэрнэце і праз інтэрнэт?


Калі вы марыце працаваць токарам ці даяркаю, а можа проста спадзеяцеся, што праз пару месяцаў дырэктар вашага заводу знойдзе кіентаў у Кастраме і вам дадуць заробак за сакавік… У такім выпадку далей можаце не чытаць.

Думаю, вы неаднаразова сустракалі ў сеціве надакучлівыя рэкламы пра «хуткі заработак у інтэрнэце», але далей размова подзе не пра «халяву» і «мутныя» схемы, а зусім наадварот.

Ад ляноты да свабоды і назад

Эвалюцыя чалавецтва ў пэўным сэнсе падпарадкаваная негалоснаму закону барацьбы з лянотаю. Мы прыдумалі трактар, каб адмовіцца ад плуга, кампʼютар, каб спрасціць і паскорыць няпростыя працэсы разлікаў і прыбраць з гэтых працэсаў чалавечы фактар.

Чалавецтва прыдумала сотні тысячаў розных робатаў і гаджэтаў, якія пачалі мяняць структуру сусветнай эканомікі. Але нягледзячы на гэта колькасць працоўных месцаў не змяншаецца. Ідзе адваротны працэс. А дзякуючы інтэрнэту праца становіцца мабільнаю.

І магчыма некаторым варта змірыцца з тым фактам, што іхны дыплом – туалетная папера, а кваліфікацыя ўжо даўно не адпавядае сучасным рэаліям. Вашыя склілы становяцца неактуальнымі з неверагоднаю хуткасцю, але з той жа хуткасцю мы можам атрымаць новыя веды і новыя магчымасці. Інтэрнэт зробіць вас свабоднымі. Можна на гэтую тэму колькі заўгодна філасоўстваваць, але лепш дзейнічаць. Беражыце сілы на сапраўды карысныя рэчы.

Хацеў як лепш, а атрымалася нешта неверагоднае

У 1972 годзе амерыканец Джэк Нілэс распрацаваў ідэю telecommutingʼа або працы на адлегласці. Навуковец прапанаваў адмовіцца ад працірання нагавіцаў у офісе, каб вырашыць праблему аўтамабільных пробак на амерыканскіх дарогах. Праблема засталася, а праца на адлегласці становіцца ўсё больш папулярнаю.

За 45 гадоў свет перайшоў на новы ўзровень камунікацыі. У хуткім часе інтэрнэт будзе «паўсюль». Праца на адлегласці становіцца нормаю для некаторых спецыялістаў (ІТ, графіка, web-дызайн, журналістыка). За пашырэнне telecommutingʼа ў свой час выступаў папярэднік дзейснага прэзідэнта ЗША Барак Оўбама, падпісаўшы адпаведны дакумент, у якім рэкамендаваў перавесці дзяржслужбоўцаў на хатнюю форму працы, калі гэта магчыма.

Можаш не ўставаць з канапы. Працы хопіць усім!

Калі вы адчуваеце, што хутка трапіце ў у шэрагі беспрацоўных/дармаедаў, то надышоў час вучыцца і шукаць працу праз інтэрнэт.

З чаго пачаць? Як трапіць у будучыню?

1 Пачніце вучыцца. Вашая мэта – атрымаць веды, каб знайсці працу, якая дазволіць жыць паводле прынцыпу: мой офіс там, дзе мой кампʼютар. Неабавязкова мець чырвоны дыплом у БДУ. Усе веды можна атрымаць онлайн. Увага! Лянота хоць і рухавік прагрэсу – яна ваш галоўны вораг.

2 Вывучыце нарэшце ангельскую (ніжэй некалькі карысных спасылак).

3 Завядзіце акаўнты на сайтах для фрылансераў (найбольш папулярныя ніжэй).

4 Не разлічвайце «на хуткі заработак у інтэрнэце». Шлях да карʼернага поспеху ў новай прафесіі можа заняць некалькі месяцаў і нават гадоў.

ТОП-4 вакансіяў, якія дазваляюць зарабляць грошы не ўстаючы з канапы

Для тых, хто не мае амбіцыёзных планаў, няблага піша, мае камунікатыўныя здольнасці і хоча пачаць зарабляць ужо цяпер.

1 Рэрайтынг/капірайтынг і напаўненне сайтаў кантэнтам

Што гэта значыць?

Ваш патэнцыйны працадаўца можа прапанаваць вам напісаць артыкул пра людзей, якія храпуць і прычыны гэтай зʼявы. Або заплаціць вам грошы за карэкцыю тэксту пра кандыцыянеры і іх абслугоўванне.

2 Пошук і збор інфармацыі

Магчыма вам давядзецца прагугліць кошты на майткі ва Украіне або працадаўца папросіць зрабіць спіс самых папулярных відэаблогераў Беларусі.

3 Інтэрнэт-лагістыка і онлайн-кансультацыі

Можна сядзець у Слоніме і працаваць аператарам таксі ў Маскве або онлайн-дыетолагам, сексолагам, спецыялістам у працы з кліентамі і г.д. Сувязь з кліентамі праз інтэрнэт.

4 Хэдхантэр або менаджар па пошуку персаналу

Праца палягае на пошуку тых, хто шукае працу: прагляд рэзюмэ, падборка кандыдатаў, правядзенне ўступных кваліфікацыйных размоваў.

У выпадку, калі ў вас за плячыма шматгадовы менеджарскі досвед і вы прадалі 10 000 кг рагачоўскай сгушчонкі або вы абазнаныя ў PR/фінансах, ведаеце ангельскую і слова fundraiser вас не пужае, то знайсці хатні варыянт працы ўвогуле не праблема. Менеджары, адмінісіратары онлайн-крамаў, ілюстратары, адміністратары, перакладчыкі, рэпетытары – вакансіяў нямала. Але больш за ўсіх прапановаў працы з хаты маюць праграмісты.

Як ім стаць і дзе вучыцца? Неўзабаве на Belsat.eu.

Папулярныя сайты з вакансіямі «праца з дому»

Для тых, хто не валодае ангельскаю

Для ангельскамоўных 

Дзе вывучыць ангельскую мову

Атрымлівайце новыя веды, шукайце падпрацоўкі, збірайце рэкамендацыі ад вашых дыстанцыйных працадаўцаў, вучыцеся і надыдзе дзень, калі вам не трэба будзе стаяць у пробцы ў перапоўненым грамадскім транспарце. Ваш працоўны дзень пачнецца тады, калі гэта будзе патрэбна вам.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары