Забароўскі: Трампу здаецца, што ён дасць рады Пуціну

video

Сяргей Пеляса: Бізнесмен Доналд Трамп шмат разоў спрабаваў рабіць бізнес у Расеі. Чаму ў Маскве ўсцяж няма Трамп-таўэр?

Марцін Забароўскі: Я думаю гэта пытанне часу. Судзячы па тым, якую пазітыўную дынаміку мы назіраем паміж Трампам і Пуціным, варта спадзявацца вялікіх інвестыцыяў Трампа ў Маскве і ў нейкіх цэнтральных месцах гораду. Так яны будуць дамаўляцца, калі не пасварыцца, а гэта таксама можа здарыцца.

Ці ўвогуле палітык, якому не ўдалося зрабіць вялікі бізнес у Расеі, акрамя продажу правоў на «Miss Universe», у стане дамовіцца з Пуціным у палітычным плане?

Яму здаецца, што ён можа дамовіцца з Пуціным, што ён можа быць раўнапраўным партнёрам з Пуціным, што Пуцін трактуе палітыку як бізнес. І ў гэтым трактаванні палітыкі ён ведае, як рабіць такія бізнес-здзелкі. А Трамп лічыць, што ён цудоўны бізнесмен, які ў стане кожнага абыграць пры стале. Яму здаецца, што ён дасць Пуціну рады. Мне здаецца, ён памыліцца.

У апошніх інтэрв’ю Трамп казаў пра дамову з Расеяй, якая палягала б на тым, што ўзамен за скасаванне амерыканскіх санкцыяў Масква пагодзіцца на змяншэнне ядравай зброі. Ці можна дамовіцца такім чынам?

У дыпламатыі такіх рэчаў не робяць. Гэта як мы бы гандлявалі яблыкамі: хочам пагандляваць троху яблыкамі, а [потым вырашаем] памаранчамі. Калі мы ўжо гандлюем яблыкамі, давайце гандляваць яблыкамі. Санкцыі ўвялі з увагі на анексію Крыму. І з увагі дзеянняў Расеі ўва ўсходняй Украіне. Таму гэтыя санкцыі можна скасаваць тады, калі гэтыя дзеянні будуць ліквідаваныя. Спалучэнне гэтай справы з пытаннем ядравай зброі не мае сэнсу. Нават расейцы, з якімі я нядаўна размаўляў у Лондане, таксама лічаць, што гэтае спалучэнне вельмі няўдалае. І што яно не прынясе вынікаў.

У Беларусі шмат экспертаў кажа, што існуе рэальная пагроза анексіі Беларусі Расеяй. Якой можа быць рэакцыя адміністрацыі Трампа на такую гіпатэтычную анексію?

Мусіла б быць нейкая рэакцыя. Я думаю, што зʼявіліся б санкцыі, напружанне ў адносінах паміж Пуцінам і Трампам. Таксама б была міжнародная рэакцыя. Іншым дзяржавам гэта не спадабалася б. Напрыклад, Кітаю гэта не спадабаецца. Не толькі размова пра ЗША. Міжнародная супольнасць на гэта б зрэагавала.

А якая павінна быць слушная рэакцыя на такія дзеянні?

Рэакцыя падобная на тую, што мы назіраем у выпадку Украіну. Ці нават мацнейшая: санкцыі, супраціў, адсутнасць супрацы з Расеяй.

Я думаю, што гэта вельмі малаімаверны сцэнар: навошта Пуціну захопліваць Беларусь? У Беларусі і так прарасейскі ўрад, суверэннасць Беларусі вельмі сур’ёзна абмежаваная. Расея мае базы ў Беларусі.

Расея перастае ўспрымаць Беларусь і Лукашэнку як саюзніка, і турбуецца, што Беларусь паварочваецца ў кірунку Захаду.

Мне здаецца, што Беларусь Лукашэнкі гуляе ў такую геапалітычную гульню з Захадам і Усходам. Але ў выніку яна будзе на баку Расеі. Я не вельмі бачу карысці, якія магла б атрымаць Расея ад адназначнага парушэння міжнароднага права і анексіі Беларусі, якая і так знаходзіцца на яе баку. Я лічу, што кошты такога захавання былі б надта высокія. Нерэальна, каб такое адбылося.

У сувязі з імавернай расейскай агрэсіяй найчасцей гавораць пра анексію балтыйскіх дзяржаваў, дзе ёсць вялікая расейская дыяспара – Латвію і Эстонію. Наколькі можна сабе ўявіць, што Расея вырашыцца на гэта?

Канешне, з’яўленне міжнародных сілаў НАТО, канадскіх, брытанскіх і амерыканскіх частак у балтыйскіх дзяржавах нівеліруе імавернасць вайсковай атакі на гэтыя дзяржавы. У гэтым выпадку атака на Эстонію становіцца атакай на іншыя дзяржавы. І таму кошты зноў надта вялікія. Аднак правядзенне нейкай дыверсійнай акцыі, напрыклад, з удзелам «зялёных чалавечкаў», якая прывядзе да захопу Нарвы і яе адарвання ад Эстоніі, не такі ўжо нерэальны сцэнар. Такое можа здарыцца. Яго ўжо праверылі ў Крыме. Яго могуць праверыць у іншых частках балтыйскіх дзяржаваў, дзе няма прысутнасці НАТО. Бо, шчыра кажучы, прысутнасць НАТО там вельмі малая, а тэндэнцыі прарасейскія ёсць. Напрыклад, у Нарве.

То бок можна казаць пра невялікія рэгіёны на мяжы з Расеяй?

Так, гэта магчыма.

Амерыка вельмі павольна рэагавала на расейскую агрэсію супраць Украіны, толькі цяпер амерыканскія сілы перакідваюць у Польшчу і балтыйскія краіны. Крым сапраўды стаў для амерыканцаў сюрпрызам?

Замежная палітыка Оўбамы была палітыкай мінімізацыі ўдзелу ў сусветных канфліктах.

Оўбама цалкам вывеў войскі з Іраку, ствараючы пустку, якую, між іншым, заняла Ісламская дзяржава. Таксама ён зменшыў прысутнасць ЗША ў Афганістане. Ён вельмі не хацеў удзельнічаць у Лівіі, яго прымусілі да гэтага еўрапейцы. Ён выкарыстаў нагоду, каб не ўдзельнічаць у канфлікце ў Сірыі.

Пасля 8 гадоў прэзідэнтуры папярэдніка Оўбамы, Джорджа Буша, падчас якога ЗША ўдзельнічалі ў шматлікіх канфліктах, амерыканцы стаміліся. Амерыканскае грамадства не хацела ўдзельнічаць у вялікіх канфліктах. Рэакцыя на вайну ўва Украіне была вынікам такога адчування.

Амерыканцы стаміліся.

Яны не ангажаваліся ў такую сітуацыю, якую да канца не разумелі. І ў цэлым пачалі старацца менш умешвацца ў справы свету. Таму былі санкцыі, было сімвалічнае падтрыманне Майдану, але не было фундаментальнага падтрымання Украіны. Амерыка не ўдзельнічала ў Нармандскім фармаце, не ўдзельнічала і ў менскіх перамовах. Гэта шмат пра што гаворыць.

Размаўляў Сяргей Пеляса

Глядзі таксама
Каментары