Забаронены ў Расеі галівудскі фільм «Нумар 44» знялі з пракату і ў Беларусі


Прэм’ера фільма «Нумар 44» мусіла адбыцца 16 красавіка, але нечакана яго знялі з пракату.

Яшчэ ўдзень 15 красавіка УП «Кінавідэапракат», якое займаецца дыстыб’юцыяй фільмаў на тэрыторыі Беларусі, не збіралася здымаць з паказу галівудскую стужку. Але пасля дырэктар прадпрыемства Васіль Коктыш распавёў Tut.by, што рашэнне забараніць паказ фільму ў Беларусі прыняў расейскі бок – буйнейшы кінадыстрыб’ютар «Централ Партнершип». Паводле дамовы з дыстрыб’ютарам, УП «Кінавідэапракат» можа выставіць штрафныя санкцыі за зрыў паказу, але не будзе гэтага рабіць, бо не панесла стратаў.

Сёння «Централ Партнершип» сумесна з расейскім Мінкультам апублікаваў заяву, у якой сцвярджаецца, што паказ фільму ў кінатэатрах недапушчальны.

Фільм (арыгінальная назва «Child 44») зняў шведскі рэжысёр Даніэль Эспіноса, выканаўцы галоўных роляў – Том Хардзі, Гары Олдмэн, Нумі Рапас. Стужка распавядае пра афіцэра савецкай выведкі Льва Дзямідава, які займаецца расследаваннем серыйных забойстваў дзяцей у 1952 годзе.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў