Забароненае Іў'е: сфоткаў бібліятэку – трапіў у аддзяленне міліцыі


Гісторыя затрымання і допыту блогераў у стылі «дрэнны паліцэйскі».

«Хто вам параіў прыехаць у Іў’е? Калі? Навошта вам фота гэтых будынкаў?», – настойліва задаваў пытанні блогерам alkobugi ды budgawl міліцыянт на галоўнай плошчы раённага цэнтру.

Гісторыю затрымання ў сваім блозе публікуе budgawl.

Пасля кароткай размовы на вуліцы фатографы трапілі ў мясцовае аддзяленне міліцыі. Міліцыянты нібыта атрымалі арыентыроўку на падазраваных, якія меліся здымаць «не тое, што патрэбна».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

У выніку блогераў адпусцілі, а фотаздымкі бібліятэкі, пракуратуры, пажарнай часткі ды выканкаму былі выдаленыя з картаў памяці. «Праца ў нас такая», – патлумачыў міліцыянт, развітваючыся з госцьмі Іў’я.

Папулярны фатограф Антон Матолька эмацыйна пракаментаваў гісторыю затрымання сваіх калегаў.

 

Нагадаем, што 26 лютага супрацоўнік газеты «Камсамольская праўда» і фатограф-аматар Дзмітрый Ласько правёў вечар у сталічным РУУС Першамайскага раёну. Ласько фатаграфаваў новую падсветку Акадэміі навук і падчас здымкаў даведаўся, што гэта забаронена.

Як паведаміла «Камсамольская праўда» са спасылкай на намесніка начальніка Першамайскага РУУС Юрыя Баранава, дакумент аб забароне фатаграфавання некаторых будынкаў у Менску сапраўды існуе. Адмысловае ўказанне прызначана для ўнутранага карыстання супрацоўнікамі МУС.

«Падобнае патрабаванне накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і павінна павысіць пільнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у частцы перадухілення магчымых пагрозаў рознага характару: ад правакацыяў да тэрарыстычных актаў… Гаворка не ідзе пра забарону рабіць відэа ці фотаздымкі адміністрацыйных будынкаў, а рэгулюе выключна дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», – патлумачыў belta.by начальнік упраўлення інфармацыі МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў