Абаронцы занепакоеныя лёсам законапраекта «Аб абыходжанні з жывёламі»


У Беларусі ўсцяж адсутнічае закон «Аб абыходжанні з жывёламі». Грамадскасць некалькі разоў падымала гэтае пытанне прыняцця адмысловага закону, апошні раз – тры гады таму, калі ва ўладныя структуры былі адпраўленыя тысячы зваротаў ад грамадзянаў, зааабарончых абʼяднанняў, а таксама лісты ад вядомых творчых дзеячаў краіны.

Праект закону «Аб абыходжанні з жывёламі» апошні раз быў ініцыяваны ўвесну 2015 году пад ціскам грамадскасці, разам з увядзеннем крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі, якая, дарэчы, ужо дзейнічае.

«Але ўжо паўтара года ён [законапраект – рэд.] ляжыць у Палаце Прадстаўнікоў, і надзейнай інфармацыі пра цяперашні выгляд законапраекта не агучваецца», – каментуе сітуацыю грамадскі актывіст, юрыст Юры Чавусаў.

Законапраект пачаў распрацоўвацца увесну 2015 году з удзелам прадстаўнікоў профільных грамадскіх арганізацыяў. Аднак, пасля перадачы на разгляд у Палату Прадстаўнікоў у кастрычніку 2015 году, праект быў істотна перароблены, і адрозніваўся ад ўзгодненага Рабочымі групамі грамадскіх арганізацыяў.

«Дэпутаты, фактычна, замест яго вярнуліся да праекту, які існаваў яшчэ ў 2011 годзе (закон спрабавалі і тады прыняць, але беспаспяхова), і ўнеслі некаторыя папраўкі. Такі, напрыклад, прынцыпова важны раздзел, як «Адлоў жывёлаў» знік», – адзначаеца ў прэсавам рэлізе, які размешчаны ў блогу www.mesto-pod-solncem.org.

Увесну 2016 году было абвешчанае грамадскае абмеркаванне, у межах якога была скіраваная вялікая колькасць прапановаў ад грамадзянаў і грамадскіх арганізацыяў па ўдасканаленні праекту закона. Аднак, хоць прамінуў амаль год, ніякай інфармацыі пра тое, ці былі яны ўлічаныя ў праекце, няма.

Хто з дзяржаўных органаў займаецца заканапраектам?

Заканапраект замацаваны за камісіяй па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Палаты Прадстаўнікоў. Таму, у лютым абаронцы жывёлаў накіравалі старшыні гэтай камісіі Дарагакупцу Ю.І. ліст з просьбаю азнаёміць грамадскасць з вынікамі грамадскага абмеркавання 2016 года. У адказ прыйшоў ліст, у якім заяўлена, што «весці гаворку пра яго [законапраекта – рэд.] змест заўчасна», бо ён узгадняецца ў розных зацікаўленых арганізацыях.

Так, паводле Юрыя Чавусава, «склалася парадаксальная сітуацыя: профільная камісія заяўляе пра намер вынесці законапраект на разгляд парламенту на бліжэйшай сесіі – але сам тэкст дакументу застаецца схаваным ад грамадскасці. На дзяржаўных сайтах ёсць толькі папярэдняя версія, якая выносілася год таму на грамадскае абмеркаванне».

Абаронцы звяртаюць увагу на словазлучэнне «грамадскае абмеркаванне». Дэпутаты праз гэтае прапануюць грамадзянам і грамадзскім арганізацыям скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы праз збор подпісаў. Аднак заабаронцы лічуць гэта «здзекам» праз немагчымасць ацаніць працоўную рэдакцыю закона і вынесці свае заўвагі.

Дорагакупец Ю.І. Фота house.gov.by

Цягам года грамадства падавала сотні прапановаў, але, як сцвярджае спадар Чавусаў, застаецца невядомым, якія прапановы былі ўлічаныя:

«Ніякай абагульненай інфармацыі пра вынікі грамадскага абмеркавання не падаецца. Больш за тое, з каментароў профільнай камісіі парламенту вынікае, што пры падрыхтоўцы законапраекта да першага чытання яна, ў першую чаргу, кансультавалася з дзяржаўнымі ведамствамі, запрашала прадстаўнікоў выканаўчай улады на свае пасяджэнні».

У прэсавам рэлізе, які размешчаны ў блогу www.mesto-pod-solncem.org адзначаецца, што грамадскія зааабарончыя арганізацыі «без усялякіх сумневаў таксама зʼяўляюцца зацікаўленымі субʼектамі ў гэтым пытанні». Абаронцы жывёлаў звяртаюць увагу на тое, што ў адпаведнасці з прынцыпамі празрыстасці і падсправаздачнасці грамадзянам краіны, дэпутаты мусяць даць доступ да бягучай версіі законапраекту ўсім зацікаўленым грамадзянам.

«Атрымліваецца, што ініцыятары законапраекта – грамадскія арганізацыі, апынуліся адсунутымі ад працы з тым законапраектам, які самі ініцыявалі», – падсумоўвае грамадскі актывіст.

Гэткая таямніца выклікае ў зааабаронцаў насцярожанасць. Яны мяркуюць, што той законапраект, які будзе вынесены на разгляд парламенту на веснавой сесіі, будзе істотна адрознівацца ад распрацаванага рабочай групай, і не вырашыць тых грамадскіх пытанняў, дзеля якіх ён і быў ініцыяваны.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў