За захоўванне марыхуаны суд прыгаварыў актора Купалаўскага тэатру да 5 гадоў калоніі


Пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Такое пакаранне суд Кастрычніцкага раёну Менску прызначыў актору Купалаўскага тэатру Арцёму Бародзічу. За краты актор трапіў за захоўванне наркотыкаў з мэтай збыту (частка 2 артыкулу 328 КК). Мінулай восенню ў яго ўдома знайшлі 26 грамаў марыхуаны.

Раней на судзе Арцём Бародзіч часткова прызнаў сваю віну: так, «траўку» дома захоўваў, але для сябе, а не на продаж. Ён распавёў, што курыў марыхуану каля 6 гадоў. Так актор спрабаваў справіцца з «эмацыйнымі стрэсамі на працы», вялікай нагрузкай і шчыльным графікам.

«На працы бывае ад 6 да 10 спектакляў у месяц без уліку рэпетыцыяў. Бывае, чатыры спектаклі за два дні – раніцай і ўвечары. Ролі розныя, розны падыход да працы. Усе прапускаеш праз сябе, праз сваю нервовую сістэму», – тлумачыў Арцём.

Напярэдадні пракурор запатрабаваў для абвінавачанага 6 гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці.

Адвакат актора Кацярына Дземідавец з гэтым не пагадзілася, бо, на яе думку, следства не даказала, што Бародзіч захоўваў наркотыкі з мэтай збыту. Абарона настойвала калі не на апраўдальным прысудзе, то прынамсі на пакаранні паводле часткі 1 артыкулу № 328 Крымінальнага кодэксу. Там прадугледжаная санкцыя ў выглядзе «хіміі» да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Як высветлілася, Арцём Бародзіч раней ужо меў судзімасць за захоўванне і ўжыванне марыхуаны. Ён адбыў год пакарання ўмоўна.

Ці будзе абскарджаны гэты прысуд, адвакат пакуль дакладна сказаць не можа.

На абвяшчэнні прысуду, як і на папярэдніх пасяджэннях, у зале суда прысутнічалі калегі абвінавачанага па сцэне. Яны запэўнілі, што не ведалі пра залежнасць Арцёма, і нават падалі прашэнне аб змякчэнні пакарання.

«Ён адносіцца да такога тыпу артыстаў, якіх цяпер мала. Вельмі таленавіты чалавек, моцны артыст. Тэатр яго патрабуе. Калі заканадаўча магчыма, мы былі б толькі за тое, каб працягнуць працаваць з падазраваным, – сказаў на адным з пасяджэнняў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін.

На волі ў Арцёма Бародзіча засталася цяжарная грамадзянская жонка Наталля Самсонава.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў