За ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага – штраф


Яўген Скрабутан

Пяць базавых велічыняў (1050 рублёў) штрафу за ўдзел у фэсце «Свіслач-2016» атрымаў берасцеец Яўген Скрабутан.

Такое рашэнне 29 снежня прыняў суддзя ленінскага раёну Берасця Андрэй Канючка.

Нагадаем, што 30 кастрычніка ў Свіслачы, што на Гарадзеншчыне, ушанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. Некалькі дзясяткаў чалавек прайшліся шэсцем па вуліцах гораду да мясцовых могілак, дзе пахаваны брат Кастуся Каліноўскага – Віктар. Там грамадскія актывісты правялі мітынг і запалілі свечкі. Потым удзельнікі акцыі прайшлі праз Свіслач калонай з бел-чырвона-белымі сцягамі да помнікаў Канстанціну Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту.

Пасля акцыі практычна ўсе ўдзельнікі зазналі пераслед з боку ўладаў. На людзей сталі складаць пратаколы аб парушэнні паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ (парадак правядзення масавых мерапрыемстваў). Пасля чаго суды прызначалі вялікія штрафы – 35-40 базавых велічынь. Пры гэтым даходзіла да абсурду: судзілі людзей, якія ўвогуле не ўдзельчалі ў акцыі, альбо іх проста не было ў горадзе.

Два разы пераносілі судовае паседжанне па справе Яўгена Скрабутана, але ў выніку, з трэцяй спробы, прызначылі штраф.
Вось як пракаментаваў рашэнне суда Яўген:

«Рашэнне абсалютна палітызаванае. Падчас разгляду справы яе абсурднасць вылазіла з усіх бакоў: міліцыянты са спецслужбамі, аказваецца, правярнулі велічэзную спецаперацыю ў Свіслачы, замест таго, каб проста выканаць свае абавязкі і папярэдзіць магчымыя парушэнні. З іншага боку Дзень памяці (Дзяды) афіцыйна прызнаны святам у Беларусі і яго адзначэнне не падпадае пад дзеянне закону пра масавыя мерапрыемствы. Аднак, на гэта, вядома, падкантрольныя суды ўвагі не звяртаюць».

Яўген Скрабутан збіраецца абскардзіць рашэнне суда.

СА, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары